epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пісьмо ў мінулае

Днём непакоіць,

будзіць сярод ночы,

Ці звон на веча,

ці жалобны звон.

Адразу ж бачу,

ледзь заплюшчу вочы,

З жыцця пайшоўшых,

цэлы пантэон.

 

Абклаў душу

сум успамінаў шчыльны

Трагедый, горкіх страт

дзевяты вал.

Не ў радасць нават

тэлефон мабільны,

Яго нервовы,

нежывы сігнал.

 

Сучаснасць нас

не гладзіць па галоўцы,

Сабе мы можам

толькі спачуваць,

Мабільнік —

нецікавы суразмоўца,

Ды і каму мне тэлефанаваць?

 

А вось было!..

Без вестачкі — ні кроку,

Яны для душ —

надзейныя масты,

Прыходзілі —

і зблізку, і здалёку,

Хвалюючыя,

Важныя лісты.

 

Канверт адкрыеш —

і глытаеш словы,

Якія, як нішто,

збліжалі нас.

 

Чытаеш,

Перачытваеш нанова —

І — хуценька за стол,

пісаць адказ.

 

О колькі ў гэтых

пісьмах таямніцы

Схавана,

Асабліва між радкоў.

Чытаеш —

І не можаш надзівіцца

З такіх звычайных

і чароўных слоў.

 

Паслаць бы мне пісьмо

камусьці сёння...

Але каму?

Не прагучыць адказ,

Бо часу ненажэрнага

Бяздонне

Глынула родных,

разлучыла нас.

*

 

Не праўда!

Час нам душы не ўрачуе.

Паверце

Жыццявопыту майму.

А што, калі пісьмо сваё

пашлю я

Ў мінулае?

Там ёсць чытаць каму.

 

Мінулага так шмат...

У ім я.

Дзе я?

Там столькі лёсаў,

Год,

Падзей

І дат.

З каго пачаць?

З чаго?

З якой падзеі?

Застыў я, азірнуўшыся назад.

 

Я з мамаю

дзялюся успамінам:

Я быў табе апорай,

бачыць Бог,

Любіў цябе я,

Неблагім быў сынам,

І ўсё-ткі горшым быў,

чым быць я мог.

 

Я значна б мог

табе аблегчыць працу,

І шмат дапамагаў

ў свае гады.

Ды больш любіў

з ружжом штодня цягацца

І лынды біў

ў вольны час тады.

 

Я да цябе

хачу звярнуцца, тата,

Хістаўся ты ад працы

й розных спраў.

Я быў блазнюк,

не памагаў я надта,

І ўсё ж касіў з табой,

сяк-так араў.

 

І для зімы мы

гатавалі дровы,

Калолі

І смалілі парсючка.

Таму твае

не дакаралі словы

Ніколі

Твайго сына-блазнюка.

 

Даруйце мне,

у чым я вінаваты,

Я ўсё, што з вамі звязана,

Збярог...

Я штось рабіў тады

для мамы й таты,

Наколькі сіл і розуму

даў Бог.

*

 

Сяджу цяпер

над іншымі лістамі,

Пішу для тых,

хто мне вярэдзіць сны.

Не абміну ў пісьме

сястру з братамі,

Як і бацькі,

мне родныя яны.

 

Што вам сказаць?

Ні вы, ні я — ніводзін

Жыць не маглі

адно без аднаго.

Мы звязаны

Адной крывёй з народзін,

Мы — свет адзін,

мы — кропелькі яго.

 

Вы ўсе ў мінулым

назаўжды патоплі,

І дзякуючы,

Што й не я у ім,

Цяпер ўва мне,

ў апошняй нашай кроплі,

Праз успамін

ўваскроснуць можна ўсім.

 

Дык будзем жа цяпер,

як колісь, разам,

Бацькі, браты, сястра —

усе ўва мне!

Такога ўжо не будзе

іншым разам,

Калі й мяне

мінулае глыне.

 

Збіраліся мы шумна,

ўсім на зайздрасць —

І працаваць мы,

й спяваць маглі.

Паўторым

нашу колішнюю радасць,

Яе так не хапае

На Зямлі.

 

Пішу пісьмо,

пішу другое, трэцце,

І так карціць пісаць

пяру майму,

Ў мінулае,

якое на тым свеце,

Пісаць мне трэба

вельмі шмат каму.

 

І сваякам, й сябрам,

знаёмым людзям,

Усім, з кім быў

«знамо і незнамо».

 

Мы хутка,

Вельмі хутка разам будзем...

Хто мне прышле

ў мінулае пісьмо?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.