epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пішу аўтарытэтна

Жанчыны — штосьці лішняе на свеце,

З жыцця бы ўзяць

і вымесці іх вон.

Адзінае — што ад жанчыны дзеці,

А болей што?

Абман і пустазвон.

 

Мяне жанчыны

ласкамі сваімі

Не ўзрушаць,

Не запаляць ні за што

І мне чамусьці нецікава з імі,

Хаця вакол мяне іх будзе сто.

 

Я ад сябе

ганю іх без затрымкі,

Ім не сагрэцца

ля агню майго.

Навыдумлялі нейкія абдымкі

Ды пацалункі —

Што тут да чаго?

 

Жыву і без жанчыны я імпэтна,

Жыццё з жанчынай —

воцат, а не мёд.

Пра гэта ўсё пішу аўтарытэтна,

Бо мне ўжо хутка

восемдзесят год.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.