epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

П’еса

Жыццё, як п’еса

для аднаго акцёра,

Іграй, здаецца,

усё і ўся уволю.

Ды не, на жаль, —

іграў адно учора,

Было, напрыклад,

на сцэне лёсу гора,

А сёння —

ў камедыйную лезь ролю.

 

Штодзень —

да новай ролі падрыхтоўка,

Хоць ты й галоўнай

ролі выканаўца,

Вакол —

Віхор людзей,

Кішыць масоўка,

І ты ўжо збоку,

на запáснай лаўцы.

 

І ужо твой тэкст,

што ты вучыў старанна,

З тваіх падмосткаў

чытае хтосьці лоўка.

Галоўны ты,

ды не табе пашана,

Ты адпіхнуты,

ты — ужо масоўка.

 

Акцёр ты знаны,

толькі не прызнаны

У мітуслівым

Гвалт-кардыбалеце.

Чуваць у гэтым тлуме

Гарлапаны,

Наперадзе —

акцёры па анкеце.

 

Я сёння буду ўсё ж

у новай ролі,

Зусім не ў той,

што выканаў учора.

Сваёй я ролі

не аддам ніколі

І абыйдуся

Без паслуг суфлёраў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.