Мір табе наўздагон,
Век аджыўшы свой, вёска,
Ты — не родная,
Нашага часу дачка.
Ён нявечыў цябе
І бяздушна, і жорстка —
Так падточвае бераг
Няспынна рака.
Вось і блізкі фінал...
Колькі вас засталося,
Састарэлых жанчын,
Вашых хатак між дач?
І не вернеш сюды
Ні дзяцей шматгалоссе,
І ні хросьбінаў,
І ні вяселляў — хоць плач.
Дажываюць свой век
У нястачы вяскоўцы,
Паміж пенсій скупых —
Зноў, хоць плач, хоць крычы.
У ватоўцы бабуля
Ледзь нясе ў хату дроўцы,
Каб астылую печ
Напаліць да начы.
Падтрымае іх хто, адзінотаў?
Пытанне.
І каму яны трэба, такія?
Бяда.
Як ім збалансаваць,
Аднавіць харчаванне,
Калі іх рацыён —
Ледзь не хлеб і вада?
Сумна, цесна ў наш час
На вясковых магілах,
Над вяскоўцамі суд
Тут спраўляе свой баль.
Колькі дач і катэджаў
Ля хатак пахілых,
Але ж дачнікі — гэта
Не вёска, на жаль.
Век для гора — бясконцы,
Для шчасця — кароткі.
І адзін, і другі,
Праляцелі, як сон.
Мір табе наўздагон,
Светлы час нашых продкаў —
З развітальнай слязой,
Сэрца плач наўздагон.