epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Плача бярозка

Хворай бярозка сябе адчувае:

— Што ж салавейка на мне не спявае?

Ветрык, скажы, дзе цяпер салавейка,

Дзе наш чароўны свісточак-жалейка?

 

Ён і будзіў — яшчэ сонейка спала,

Песня яго і дабранач люляла.

Што ж ён не лашчыць, не радуе спевам?

Вецер са стогнам узняўся над дрэвам:

 

— Нас салавейка надоўга пакінуў,

Тут радыяцыя — ён і загінуў...

Плача бярозка, пытае нясмела:

Што ж гэта робіцца — незразумела.

 

Дзень пашарэў — неадрозніць ад ночы,

Смех захлынуўся хлапеча-дзявочы.

Дзе той хлапчук, сінявокі, бялёсы —

Што ж не ідзе расплятаць мае косы?

 

Выдыхнуў вецер: — Нядоля настала,

Гора людзей з сваіх гнёздаў сагнала.

Тут вось, дзе «зона» ляжыць нежывая,

Вельмі няхутка зямля заспявае...

 

Вецер далей паляцеў неахвотна,

Толькі бярозка стаяла самотна.

Косы заблытаны, звяла прычоска,

Плечы сутуляцца — плача бярозка.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.