epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Планета прывідаў

Сігнал з космасу быў запеленгаваны адразу некалькімі наземнымі навуковымі станцыямі. Але гэта азваўся не той, усім вядомы, калязямны космас, асвоены і пераасвоены зямлянамі, а далёкая таямнічая Галактыка, вестак пра якую ў навуковых картатэках амаль не было. Сігнал ляцеў з зорнай бездані праз мільярды кіламетраў і сівізну часу.

Але адна справа - атрымаць вестку ад далёкіх і невядомых разумных істотаў, другая - унікнуць у сутнасць сігналу, расшыфраваць яго. Вось гэта другая, хутчэй за ўсё невырашальная, справа і астудзіла першапачатковае гарачае лікаванне і навукоўцаў, і ўрадавых чыноўнікаў.

Каго, напрыклад, усцешыць пасылка, якую нельга адкрыць? Скрынка - яна і ёсць скрынка, а што ўсярэдзіне?..

Вось такою непадступнаю скрынкай быў непрацяглы сігнал, запісаны разумнымі электроннымі прыборамі, якім, як і людзям, не хапала розуму зазірнуць у таямнічую «скрынку».

Заставалася маленькая ўцеха - мы не адны! Ёсць сярод загадкава міргаючых зорак браты па розуму, якія шукаюць сустрэчу з намі.

 

* * *

 

Н-скі навукова-даследчы інстытут, акрамя ваеннай праблематыкі, займаўся вывучэннем перыферыі Ўсяленнай - самых далекіх і малавядомых Галактык.

Перайшоўшы «экватар» трэцяга тысячагоддзя, чалавецтва не толькі ўдасканаліла свае ўзаемаадносіны, узняўшы іх да ўзроўню поўнай гармоніі, але паралельна дасягнула і вяршынь навукова-тэхнічнай думкі.

Вось чаму расшыфроўка таямнічага сігналу была не толькі вострым патрабаваннем сучаснасці, але і справай гонару кожнага навукоўца.

Ужо вядомы нам інстытут кінуў на вырашэнне гэтай праблемы лепшыя навуковыя сілы, якія выкарыстоўваліся бесперапынна і самаахвярна. Усе разумелі, што раскрыццё касмічнага кода з'явіцца тым запаветным ключом, які дазволіць адчыніць многія дзверы самых неверагодных адкрыццяў.

Дзяржава не шкадавала сродкаў, людзі - сіл і часу. Усё рабілася ў ліхаманкавай спешцы і абсалютнай тайне.

Іван Сухін у свае дваццаць дзевяць год працаваў у вышэйзгаданым інстытуце малодшым навуковым супрацоўнікам і да «лепшых сіл» пакуль што не адносіўся, таму і не займаўся расшыфроўкай касмічнага сігналу.

Калі сказаць больш дакладна, зацікаўленасць да сігналу ён меў не меншую, чым тыя карыфеі навукі, каго фінансавала і падтрымлівала дзяржава. Больш таго, ён цішком ад калегаў, у вольны час «браў на зуб» крэпкі арэшак, кінуты таямнічай Галактыкай на Зямлю. Гэтая яго зацікаўленасць перарасла ў абвостраную прынцыповасць і, нарэшце, ператварылася ў апантанасць. Ён не спаў начамі, закладваў запісаныя гукі сігналу ў кампутар, дзяліў, драбіў, раскладваў іх на мільёны мікронаў, якімі бясконца вар'іраваў, спрабуючы скласці літары, словы, сказы. Пасля кожнага варыянта, пасля чарговай камбінацыі кампутар упарта выкідваў на экран няўмольнае: «Варыянт памылковы».

Ад гэтых двух слоў Івана блажыла, яны сніліся яму ў кароткія перапынкі адпачынку, яны не адпускалі маладога навукоўца, як злы рок. Іван сам нібы ператварыўся ў перагружаны кампутар, у якім штосьці хутка замкне і ён згарыць ад двух ненавісных слоў.

Калі ж аднойчы, пасля чарговай аперацыі з мікрагукамі, экран кампутара высвеціў не ненавісныя два словы, а два радкі тэксту, Іван ледзь не сцёр з электроннай памяці бясцэннае адкрыццё, бо машынальна пацягнуўся пальцамі да клавішаў, каб скласці новы варыянт.

Ён ад нечаканасці так і застыў з шырока раскрытымі вачыма, якія ад напругі і хвалявання не маглі «зачапіцца» за тэкст - усё змяшалася і паплыло: і літары, і апаратура, і ўвесь свет.

Калі ж Іван апрытомнеў і ўсё стала на свае месцы, вочы ліхаманкава прачыталі:

Я - ПЛАНЕТА АСКАЛ -

СУЗОР'Е ЦЯЛЬЦА ЛЕВА -

ТРЫСТА МІЛЬЁНАЎ - ПЛАНЕТА АСОТ -

ПРАВА ДЗЕВА

Прачытаўшы і перачытаўшы тэкст, Іван нічога не зразумеў. Калі гукі правільна ператвораны ў словы, то гэта, магчыма, каардынаты планеты Аскал. Але зразумець, дзе яна, - было гэтак жа цяжка, як і расшыфраваць сігнал.

Першае, што хацеў зрабіць шчаслівы і ўзрушаны навуковец, - зараз жа дакласці акадэміку Лістову, кіраўніку інстытута. Але Іван адразу ж асекся: як гэта з бухты-барахты лезці з куцым дакладам да акадэміка?! Не! Трэба падрабязна, пачынаючы з раскладкі сігналу на мікроны, з разнастайных камбінацый і шматлікіх варыянтаў пошуку касмічнага алфавіта падрыхтаваць грунтоўны пісьмовы даклад. Неабходна аднавіць і прадубліраваць апошні ўдалы варыянт камбінацыйнасці мікрагукаў, які дазволіў дакрануцца да нечай невядомай мовы, а ўжо пасля гэтага лезці ў вочы начальству.

 

* * *

 

Вучоны савет навукова-даследчага інстытута праходзіў надзіва ўраўнаважана і спакойна.

Звычайна вучоныя, многія з якіх мелі сусветна вядомыя імёны, горача і імпэтна адстойвалі сваю пазіцыю нават тады, калі гэта пазіцыя была даўно імі абароненая і ўсімі ўхваленая.

Сёння ж вучоных як падмянілі. Магчыма, таму, што пасяджэнне савета было аб'яўлена звышсакрэтным (хаця сам інстытут і яго дзейнасць даўно строга засакрэчаны), магчыма, таму, што разглядалася пытанне, ускалыхнуўшае ўвесь свет, а хутчэй за ўсё таму, што вучоныя з сусветнымі імёнамі быццам анучай па зубах схапілі, бо адкрыццё зроблена не імі, кітамі навукі, а «верхаводкай» - нейкім малодшым навукоўцам, з якім раней віталіся нядбайным ківаннем галавы.

Цяпер гэты, па іх ранейшаму меркаванню, жэўжык сядзеў у прэзідыуме, праваруч ад дырэктара інстытута - самога акадэміка Лістова, які сваімі шматлікімі і грунтоўнымі навуковымі працамі паставіў на вушы ўвесь вучоны свет.

Праўда, сам «жэўжык» сядзеў сціпла, апусціўшы галаву, саромеючыся такой нечаканай увагі з боку масцітых калег.

Акадэмік Лістоў пачаў ціха, нават неяк таямніча:

- Калегі! Тое, што адбылося ў нашым інстытуце, цяжка выказаць ці апісаць звычайнымі словамі. Я ды і вы ўсе, хто бачыў на сваім вяку шмат неверагоднага, зазірнуў неаднойчы ў глыбокія таямніцы ашаламляльных адкрыццяў, стаім сёння на мяжы, за якой слова «фантастыка» можа знікнуць назаўсёды з лексікону чалавецтва.

Я наўмысна пайшоў на парушэнне і не далажыў адразу кіраўніцтву дзяржавы, бо сам тэкст патрабуе далейшай расшыфроўкі і ўдакладнення. Без дакладных каардынатаў планеты Аскал наша праца будзе выглядаць палавінчатай, хаця асноўнае ўсё ж зроблена. Не хацелася б раздзяляць з некім лаўры адкрыцця.

- А якому сектару будзе даручана ўдакладненне каардынатаў? - пачулася з напружанай залы. Кожны прагнуў на гэтым адрэзку дыстанцыі абагнаць паплечніка.

Лістоў гэта зразумеў і ўсміхнуўся:

- Працы хопіць усім! Не думайце, што засталося толькі паставіць кропку. Хутчэй - шматкроп'е. Займацца гэтай справай будзеце ўсе пад кіраўніцтвам майго першага намесніка. Ён, у дадатак да нашых магчымасцяў, прыцягне лепшых астраномаў і будзе каардзініраваць вашы намаганні.

Раптоўна спытаўся ў Івана:

- Вы не супраць, Іван Захаравіч?

Іван ад нечаканасці ажно папярхнуўся і некалькі разоў паўтарыў:

- Згодзен! Згодзен! Не супраць!

Лістоў па-бацькоўску пахлопаў яго па плячы і зноў звярнуўся да залы:

- Закончу тым, з чаго павінен быў пачаць. Ад імя ўсяго нашага навуковага калектыву дзякую вам, Іван Захаравіч, за тытанічную працу! У вас вялікая будучыня!

 

* * *

 

Пасля таго як агульнымі намаганнямі былі вызначаны больш-менш дакладныя каардынаты планеты Аскал, было даложана кіраўніцтву дзяржавы.

Хто-хто, а Іван, адразу пасля дакладу ў дзяржаўныя інстанцыі, адчуў не столькі сваю вялікую будучыню, колькі сучасную, нязвыклую і малапрыемную рэальнасць.

Справа ў тым, што навукова-даследчы інстытут, як нам вядома, быў засакрэчаны і пільна ахоўваўся ад чужога вока і вуха спецорганамі. Цяпер жа, пасля сенсацыйнага адкрыцця, ахова інстытута зрабілася настолькі жорсткай, што нават выпадковая парушынка не змагла б заляцець на яго тэрыторыю.

Але гэта былі агульнапрафілактычныя меры бяспекі, да якіх тут даўно прывыклі і якія не заміналі займацца навуковай дзейнасцю.

А вось Іван, які ніколі раней не сутыкаўся з асабістай аховай, цяпер адчуў, што гэта за «радасць». Яго ахоўвалі, як рэдкую музейную каштоўнасць. Кола кантактаў са знаёмымі і сябрамі звузілася. На кожным кроку - на працы і ў вольны час - ён адчуваў непрыемнае апякунства.

Праўда, на працы адбыліся і прыемныя змены - яго павысілі з малодшага да старэйшага навуковага супрацоўніка, выдзеліўшы для далейшых даследаванняў шыкоўную лабараторыю з навукова-тэхнічным персаналам.

Дабавілася і ўвагі, і павагі ад калег, якія раней маглі па-панібрацку хлопнуць па плячы, цяпер да яго імя дадавалі і імя па бацьку.

Івану, які быў кантактным ва ўзаемаадносінах і просты, як усё геніяльнае, не вельмі падабаліся такія змены, але ён разумеў і тое, што не ўсё ад яго залежыць, і працягваў заставацца самім сабой.

Каб неяк павялічыць сваю знешнюю саліднасць, Іван паспрабаваў адпусціць бараду, але, зірнуўшы праз нейкі час у люстэрка, зарагатаў:

- Каму патрэбна гэта казлінасць?! - і начыста пагаліўся.

 

* * *

 

Змешаная навукова-ўрадавая камісія, з удзелам ваенна-касмічных прадстаўнікоў і псіхаўрачэбных аналітыкаў, праводзіла сваё першае пасяджэнне.

На павестцы дня адно пытанне: што рабіць далей?!

Прадстаўнік урада Глотаў, ён жа старшынствуючы, вёў сябе далікатна і толькі задаваў пытанні.

- Дык што будзем рабіць? Якія прапановы, Антон Паўлавіч? - спытаўся ён у Лістова.

Лістоў грузна ўстаў і коратка адказаў:

- Трэба ляцець, Генадзь Міхайлавіч!

- А колькі ж туды лёту? - удакладніў старшынствуючы.

- Прыкладна дзесяць гадоў, - спакойна адказаў акадэмік.

- Дзесяць туды і дзесяць назад? Так? - зноў удакладніў Глотаў.

- Так, але назад...

- Дзякуй! Сядайце, Антон Паўлавіч! - прапанаваў прадстаўнік урада. - Якія нашы тэхнічныя магчымасці? -звярнуўся ён да прадстаўніка ваенна-касмічнай службы.

- Нашы тэхнічныя магчымасці дазваляюць даляцець толькі туды, для зваротнага палёту не застаецца паліва, - адрапартаваў ваенны навуковец.

- А што з навейшым касмічным караблём, распрацоўка якога адобрана ўрадам? У якім ён стане? - больш строга запытаўся Глотаў.

- Яго дакументальна-тэхнічная распрацоўка закончана. Зборка і яго выпрабаванні зоймуць два-тры гады, - зноў лаканічна адказаў ваенны.

- Сядайце! - суха кінуў Глотаў і звярнуўся да медыкаў: - А што медыцына скажа?

Прафесар медыцыны спакойна канстатаваў:

- Уздзеянні палёту такой працягласці на арганізм чалавека намі вывучаны дасканала. Думаю, што да нас пытанняў не будзе. Вось і мой калега-псіхолаг пацвердзіць тое ж.

Але псіхолаг, устаўшы з месца, як кажуць, пусціў у пакой чорнага ката.

- Я лічу, - пачаў ён, - што мы ніколі раней не сутыкаліся з падобнымі цяжкасцямі медыка-псіхалагічнага кшталту. Па-першае, тым, хто паляціць, трэба, не ўтойваючы, сказаць, што вяртанне назад - пад вялікім пытаннем. Па-другое, нават калі пытанне вяртання на Зямлю будзе вырашана з дапамогай карабля-выратавальніка, астранаўты павінны быць адносна маладымі, бо вернуцца яны, у лепшым выпадку, праз дваццаць год. І трэцяе, самае галоўнае псіхалагічнае патрабаванне - пілоты павінны ісці на гэты рызыкоўны крок добраахвотна!

- Я згодзен! - пачулася з залы. - Я даўно ўсё ўзважыў! Дазвольце мне!..

Усталявалася цішыня. Погляды ўсіх прысутных спыніліся на Івану Сухіну, які як расшыфроўшчык сігналу, быў запрошаны на гэта пасяджэнне і які зараз стаяў перад строгай камісіяй, рашучы і адкрыты.

- Дазвольце мне! - больш мякка паўтарыў ён.

Лістоў пачырванеў і збянтэжыўся ад такой нясвоечасовай напорыстасці свайго падначаленага.

- Сядайце, Іван Захаравіч! Сядайце! Мы яшчэ кандыдатуры не абмяркоўваем...

- А што! - перахапіў гаворку Глотаў. - Хто, як не ён, мае поўнае права быць першым кандыдатам у палёт! Як вы там казалі, - звярнуўся ён да псіхолага, - патрэбен малады, свядомы і добраахвотнік? Так? Дык вось ён перад намі!.. А пра астатніх падумаем, сапраўды, пазней.

На наступных пасяджэннях камісіі было вырашана адправіць у рызыкоўны палёт толькі двух астранаўтаў. Гэта аблягчала вырашэнне пытання з харчаваннем, якое, па сутнасці, не займала многа месца, бо было спрасавана ў невялічкія гранулы. Адной такой гранулы чалавеку хапала на суткі, бо ў ёй было скандэнсавана ўсё неабходнае для падтрымкі арганізма ў належным стане. Вада таксама была крысталізавана і спрасавана да такой ступені, што цвёрдая кропля вады пры вытайванні расшыралася настолькі, што магла забяспечваць экіпаж сутачнай нормай.

Такім чынам, галоўныя кампаненты жыццезабеспячэння экіпажа месца займалі мала, а кісларод вырабляўся штучна даволі лёгка, яшчэ з незапамятных часоў.

Складаней было з палівам, бо акрамя той адлегласці, якую меркавалася пераадолець, не выключалі магчымасць і пошукі планеты Аскал, міма якой маглі праскочыць. Працяглыя яе пошукі маглі азначаць катастрофу ўсіх планаў і гібель экіпажа. Усе разумелі, што нават пры паспяховай пасадцы на Аскал толькі паскораная і ўдалая пабудова навейшага карабля ў бліжэйшыя два-тры гады дае надзею на жыццё.

Камандзірам касмічнага карабля быў назначаны саракагадовы палкоўнік ваенна-касмічнага ведамства Ілля Іванавіч Ісаеў, ці, як яшчэ жартам называлі яго сябры, - тры «І».

Гэта быў яго далёка не першы міжпланетны палёт, але ўсе папярэднія - на Марс, Венеру і нават на Сатурн - былі ў параўнанні з гэтым лёгкай касмічнай прагулкай.

Для Івана гэты палёт быў самы першы, таму не дзіва, што хваляванні не пакідалі яго. Не, ён не баяўся за сваё жыццё - што жыццё ў параўнанні з унікальнай магчымасцю зазірнуць у таямніцу таямніц! Яго хвалявала магчымасць сустрэчы з тымі, каго нават не мог уявіць. Суцяшала адно - ім, на аснове расшыфраванага тэксту, распрацаваны алфавіт, з якога складзены шматлікія варыянты слоў і сказаў. Моўны кантакт - аснова поспеху зямной экспедыцыі.

Праўда, словы ды і ўся мова касмічных незнаёмцаў, калі гэта ўвогуле можна назваць мовай, вызначалася складанасцю, нелагічнасцю, нават нейкай недарэчнасцю. Але Іван спакойна і нетаропка «ламаў язык», памятаючы, што наперадзе дзесяць гадоў лёту - можна вывучыць мовы ўсяго свету.

І,нарэшце, галоўны суцяшальны козыр - экіпаж будзе мець магчымасць пастаянна падтрымліваць сувязь з Зямлёй.

Надыходзіў дзень і час старту, заканчваліся апошнія падрыхтоўчыя клопаты. Усё ішло згодна намечанага плана.

 

* * *

 

Палёт праходзіў нармальна. Так званых няштатных сітуацый пакуль не здаралася, і экіпаж спакойна займаўся сваімі строга прадпісанымі абавязкамі. Усе навігацыйна-тэхнічныя задачы выконваў камандзір карабля, а навукова-даследчая дзейнасць заставалася за Іванам, які пастаянна падтрымліваў сувязь з Зямлёй, праслухоўваў касмічную бездань, у якую час ад часу пасылаў розныя сігналы, у тым ліку і на мове планеты Аскал.

Галоўную небяспеку для экіпажа і карабля ўяўлялі агромністыя астэроіды, якія сустракаліся на шляху зямлян, але сучасная тэхніка дазваляла загадзя высвечваць іх на штурманскім экране, і карабель аўтаматычна, без дапамогі пілота выбіраў бяспечны маршрут.

Іван перад палётам баяўся, што за час лёту змарнее ад нуды, але тут, перад чорнай бясконцасцю, з прыемнасцю зазначыў, што за любімымі заняткамі час ляціць непрыкметна, а галоўнае, выкарыстоўваецца плённа. Назіранне за Ўсяленнай з Зямлі - адна справа, тут жа адкрываліся зусім іншыя магчымасці - быццам стаіш з космасам твар да твару.

Праз тры гады лёту Іван раптоўна запеленгаваў той жа, ужо вядомы ім сігнал. Гэта не толькі надало сілы экіпажу, але - што самае важнае - дапамагло падкарэкціраваць дакладнасць траекторыі палёту, якая, як высветлілася, крыху адхілілася ад рэальнага знаходжання Аскала. Гэта «крыху», хоць і не пад вялікім градусам першапачатковага адхілення, з кожным днём палёту павялічвалася, а да канца намечанага тэрміну перарасло б у мільёны кіламетраў, і ўсё закончылася б трагічна.

Але больш радасная вестка паступіла з Зямлі - услед першаму касмічнаму караблю паспяхова стартаваў другі, навейшы, якому пад сілу дасягнуць планету Аскал і, забраўшы бескарабельных астранаўтаў, вярнуцца на Зямлю.

Гэта было сапраўднае свята, бо нішто так моцна не падтрымлівае чалавека, як рэальная надзея.

Зямля паведамляла, што ўсё разлічана такім чынам, каб за кошт значна большай хуткасці новы касмічны карабель максімальна наблізіўся да першага экіпажа і скараціў адрэзак часу паміж дзвюма пасадкамі.

Гэта азначала, па сцвярджэнню Зямлі, што дапамога прыбудзе прыкладна праз месяц пасля пасадкі першапраходцаў, а магчыма,і раней.

- Ну як, - не без трывогі запытаўся ў камандзіра карабля Іван, - пратрымаемся месяц?

Камандзір задуменна адказаў:

- Невядома хто і што нас там чакае, як сустрэне... Для таго, каб загінуць, дастаткова некалькіх імгненняў...

- А наша электронна-лазерная зброя? А нашы непрабіваема-незгаральныя касцюмы? А нашы паралізатары, якія імгненна здольны нейтралізаваць усё жывое вакол нас? - сыпануў пытаннямі разгарачаны Іван.

- Пабачым, - адным словам на ўсе пытанні адказаў камандзір.

Палёт працягваўся нармальна, спакойна, нават манатонна. Уся бартавая тэхніка бездакорна выконвала свае шматлікія функцыі, трэнажоры падтрымлівалі астранаўтаў у добрым фізічным стане і бадзёрым псіхалагічным настроі.

І ўсё ж калі, па падліках даследчыкаў, палёт падыходзіў да заканчэння, не абышлося без непрыемнасцяў.

Раптоўны і моцны ўдар страсянуў велізарны корпус касмічнага карабля. Прыборы адразу паказалі, што лятальны апарат пачаў адхіляцца ад курсу. Гэта азначала, што адзін з чатырох рухавікоў быў выведзены з рэжыму работы. Стварылася дэцэнтрацыя цягі, таму былі вымушаны тэрмінова заглушыць другі, процілеглы ад пашкоджанага, рухавік. Такая аперацыя дазволіла выправіць траекторыю палёту, затое хуткасць яго зменшылася ўдвая.

Адначасова з гэтым знікла сувязь з Зямлёй.

- Што гэта было? - трывожна спытаўся Іван у камандзіра карабля.

- Думаю, што бакавы астэроід у сваім палёце перасёкся ў той крытычнай кропцы з палётам нашага карабля. Такія здарэнні лічыліся раней тэарэтычна-магчымымі. Сёння я ўпершыню пераканаўся, што такое магчыма і на практыцы.

- А як цяпер ляцець? - не супакойваўся Іван.

Ісаеў адказаў:

- Наша шчасце, што той астэроід не напаткаў нас на тысячную долю секунды раней. Ляцелі б зараз у касмічнай беспаветранасці не мы, а дробныя шматкі ад нас і нашага карабля. А так - чыркануў ён нам, калі можна так сказаць, па хвасце, пашкодзіў рухавік, сарваў антэну і спакойненька паляцеў далей.

- Ого-го! - толькі і сказаў Іван і пачухаў скроню.

- А даляцім мы, - працягваў камандзір, - і на двух рухавіках, тым больш што ляцець засталося лічаныя дні.

Напрыканцы палёту не пашанцавала яшчэ раз - была ноч, і трэба было выбіраць: ці рабіць аблёт планеты Аскал і чакаць світанку, ці садзіцца адразу.

Улічваючы тое, што паліва магло вось-вось скончыцца, а два рухавікі, з-за перагрузкі, «елі» паліва відавочна, вырашылі рабіць пасадку ў поўнай цемры па прыборах начнога бачання.

- Эх, - абураўся Іван, - днём мы б адным поглядам ацанілі, які наш новы дом!..

- Нічога! - супакоіў камандзір. - Прыборы паказваюць, што паветра тут існуе і кіслароду багата. А гэта ўжо не мала! Адзінае, што прыйдзецца - дык гэта сядзець у караблі давідна і не вытыркаць носа, каб не атрымаць па ім...

І вось магутны карабель завіс над паверхняй планеты Аскал, высвечваючы пражэктарамі тое месца, дзе павінна была адбыцца пасадка.

Выпусціўшы доўгія, як у павука, ногі-апоры, карабель паволі пачаў спускацца, уздымаючы вогненнымі струменямі ад рухавікоў хмары ўсяго таго, што аказалася на месцы пасадкі.

Касмічны карабель напружана і стомлена ўздрыгваў сваімі гарачымі бакамі і, здавалася, як і людзі, не мог дачакацца адпачынку.

Нарэшце ногі апоры мякка самартызавалі і прынялі на сябе ўвесь мнагатонны цяжар. Палёт быў завершаны. Прайшло дзевяць гадоў і восем з паловай месяцаў з таго часу, калі Зямля асцярожна і пяшчотна выправіла двух сыноў сваіх у гэта касмічнае падарожжа.

- Віншую з прыбыццём! - Камандзір карабля моцна абняў маладога навукоўца, які за час палёту зрабіўся не такім ужо і маладым.

- Удачы нам! - ледзь выціснуў з сябе ўсхваляваны Іван, хаваючы ўзмакрэлыя вочы.

Камандзір карабля зрабіў запіс у «бартавым журнале» - такая традыцыйная назва перайшла здавён да спецыяльнага кампутара, у якім фіксаваліся ўсе падзеі падчас падарожжа. Экран кампутара высвеціў тэкст, які камандзір карабля ўвёў у яго памяць:

«2503 год, 20 чэрвеня, 00 гадзін 17 хвілін, пасадка на планету Аскал. Камандзір карабля І.Ісаеў, член экіпажа І.Сухін».

- Вось на сёння і ўсё! - павярнуўся ён да Івана. - Па магчымасці трэба да раніцы адпачыць... Раніцай - невядомасць.

Але як ні прымушалі сябе члены экіпажа заснуць - сон не браў. І як было заснуць пасля амаль дзесяці гадоў напружанага чакання сустрэчы з... З кім? З чым?..

Гэтыя пытанні не проста хвалявалі зямлян, а спальвалі душы цікаўнасцю блізкай і хуткай разгадкі.

Гэта ж трэба - варта толькі адчыніць адзін герметычны люк, потым, зачыніўшы яго, разгерметызаваць другія дзверы - і...

Іван парушыў «сон» свайго сябра і звярнуўся да яго, бо чуў, што і ён варушыцца і ўздыхае.

- Няма моцы трываць! Хочацца выйсці, агледзець планету, перазнаёміцца з усімі і ўсім.

- Не толькі агледзім, але і прымем усе меры бяспекі... Карацей, будзем дзейнічаць, зыходзячы з убачанага... - як бы падсумаваў думку Івана камандзір карабля.

- Эх, - уздыхнуў Іван, - і ноч супраць нас... Ледзь паўзе...

Ісаеў усміхнуўся:

- Калі ўжо дзесяць год перацярпелі, дык некалькі гадзін адолеем!

Непрыкметна для сябе, стомленыя дарогай і ўсхваляваныя чаканнем, астранаўты пад раніцу заснулі. Колькі яны праспалі - не было калі ўдакладняць, бо, усхапіўшыся, як па камандзе кінуліся да ілюмінатараў, праз якія яркімі патокамі лілося сонечнае святло.

Зірнуўшы ў ілюмінатары, пасланцы Зямлі аслупянелі. Яны былі гатовыя ўбачыць усё - і самых агідных страшыдлаў, і самых неверагодных пачвараў, і нават разумных істотаў, перагнаўшых у сваім інтэлектуальным развіцці зямлян.

- Што гэта?!.

- Вось гэта дык прыём! - вырвалася ў астранаўтаў.

- Што будзем рабіць?! - разгублена спытаўся Іван.

Камандзір, пасля доўгай паўзы, пачаў разважаць, быццам думаў услых:

- Што рабіць... Што рабіць... Думаю, што ў караблі адседзецца не ўдасца... Ды і не для гэтага мы сюды ляцелі. А калі так, трэба вырашыць, як сябе паводзіць...

Зямляне зноў сціхлі і «прыліплі» да ілюмінатараў.

Карабель быў шчыльна акружаны людзьмі ў камуфляжнай форме з аўтаматамі напагатове. Іх было так многа, што ад стракатасці рэзала вочы горш, чым ад сонца. Ля выхаду з карабля стаяла некалькі чалавек у цывільным.

- Мы што, трапілі на нейкую дапатопную ваенную базу? - спытаўся сам у сябе Іван. - Такое відовішча, што...

- Значыць,так, - рашуча перапыніў яго камандзір карабля, - куленепрабіваемыя касцюмы і шлемы не здымаць! Увесь арсенал абароны мець пры сабе! Не праяўляць ніякай варожасці і не выказваць разгубленасці! Зброю прымяняць у самым крайнім выпадку! Перагаворы буду весці толькі я!..

Пакуль камандзір вядзе свой жорсткі інструктаж, прадыктаваны абставінамі, можна спыніцца і паспрабаваць разабрацца, што гэта за такі «ўвесь арсенал абароны». Несвядомаму чалавеку ён тэарэтычна мала што скажа, бо тыя вяршыні навукова-тэхнічнай думкі, пра якія гаварылася раней, дазволілі зрабіць сродкі абароны і нападзення замаскіравана кампактнымі, павялічыўшы пры гэтым у шмат разоў магчымасці паражэння і знішчэння праціўніка.

Пра тыя аўтаматы, якія трымалі ў руках камуфляжнікі, на Зямлі даўно забыліся, яны калі і захаваліся, дык толькі ў музеі старажытнай зброі. Дастаткова толькі ўявіць кожнаму ў свой час, якая зброя была трыста ці пяцьсот гадоў назад, і адразу зразумееце, якое смешнае ўражанне зрабілі яны на зямлян.

Сёння, напрыклад, касцюм астранаўта, акрамя сваіх абаронных функцый, быў і грознай наступальнай зброяй. Так толькі ў двух нагрудных міні-блоках-рэактарах была схавана вялізная энергія, якая па камандзе чалавека магла імгненна знішчыць усё навакольнае праз ледзь бачныя каналы-клапаны, якія здольны ашчэрыцца псіхатропнымі, лазернымі, электрамагнітнымі выпраменьваннямі. У гэтым жа касцюме былі скандэнсаваны не толькі знішчальныя сродкі, але і абясшкоджваючыя - такія, як паралізуючыя, усыпляльныя, дэмаралізуючыя. Акрамя ўсяго гэтага, за невялічкай лінзай, паміж міні-блокамі, знаходзіцца спецыяльная лямпачка, успышка якой у тысячы разоў ярчэй за сонца. Гэта ўспышка таксама не знішчала, а асляпляла ўсё жывое.

Была і іншая, не менш грозная, кішэнная зброя, эфектыўнасць якой была засакрэчана і нам невядома.

Можна толькі дадаць тое, што касцюмы астранаўтаў дазвалялі свабодна, не здымаючы шлемаў, размаўляць з любым чалавекам, а вось унутраная сувязь паміж астранаўтамі была чутна толькі ім.

Маючы такую пераканаўчую навукова-тэхнічную перавагу над камуфляжнікамі, Сухін і Ісаеў больш-менш спакойна выйшлі з карабля.

 

* * *

 

Палац або рэзідэнцыя нейкай галоўнай асобы на гэтай планеце, куды даставілі двух зямлян, вызначаўся шыкоўнасцю і адсутнасцю густу.

Іван увесь час у думках абураўся: «Эх, шкада, што я не гісторык! Гэта ўсё нагадвае нешта як быццам знаёмае... Але што?..»

Ісаеў думаў пра іншае: «Вялікай пагрозы для нас гэты ўзброены дапатопнай зброяй натоўп не ўяўляе... Усё, што мы бачым, можа быць знішчана намі імгненна. Але гэтага не павінна быць...»

Калі картэж машын, у цесным акружэнні аўтаматчыкаў, пад'ехаў да цэнтральнага ўвахода галоўнага будынка, на ўсходцы выйшаў, відаць, той, каму падпарадкоўвалася ўсё на гэтай планеце.

Галоўны ступіў насустрач незвычайным гасцям і шырока ўсміхнуўся.

- Вітаю вас на нашай суверэннай і свабоднай планеце!

- Мы таксама рады вітаць вас і спадзяёмся на ўзаемапаразуменне! - стрымана адказаў Ісаеў.

- Я - .........., - і чалавек на ўсходцах назваў сваё прозвішча. Яно гучала настолькі складана, што зямляне з першага разу не запомнілі яго. - Я - галоўны на планеце Аскал! - працягваў ён...

Астранаўты таксама прадставіліся, назваўшы свае імя і прозвішчы. Галоўны (лепш будзем называць яго так, як запомнілі) задаволена сказаў:

- Мне прыемна, што вы валодаеце нашай мовай, у распрацоўку якой унёс і я вялікі ўклад. Упэўнены, што хутка і бліжняе,і дальняе касмічнае замежжа прызнае маю мову і пяройдзе на яе! Але што мы тут стаім, заходзьце ў пакоі! - і Галоўны павёў гасцей у рэзідэнцыю.

Дапатопны ліфт падняў гаспадара і гасцей на пяты паверх будынка, дзе ў нейкай афіцыйнай зале працягнулася ўзаемнае знаёмства.

- Ведаю, што вы з дарогі і вам неабходна адпачыць, таму не буду стамляць працяглай размовай.

Камандзір карабля дыпламатычна адказаў:

- Мы рады, што знаходзімся сярод разумных, сабе падобных людзей,і хочам выказаць...

- Ну, чаго-чаго, а розуму ў нас хапае! - перабіў Ісаева Галоўны.

- Мы хочам выказаць, - працягваў Ісаеў, - захапленне вашымі тэхнічнымі дасягненнямі, якія дазволілі паслаць сігнал на нашу далёкую планету Зямля...

- Які сігнал?! - ускочыў Галоўны. - Мы ніякага сігналу нікуды не пасылалі! І што гэта за такое - Зямля? Ніколі не чуў!

Астранаўты разгубіліся. Няўжо яны заляцелі не туды? А сігнал? Ён жа быў пасланы менавіта з гэтай планеты... Як сябе паводзіць далей? Што казаць?..

- Мы маем на ўвазе злектрамагнітны сігнал, які вылучае любое вялікае касмічнае цела і які мы зафіксавалі пры падлёце да вашай планеты, - ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву, Ісаеў.

- А-а! - супакоіўся Галоўны. - А Зямля? Што гэта за планета?

Ісаеў коратка ахарактарызаваў Зямлю як планету, гэтак жа коратка расказаў пра дасягненні ва ўсіх галоўных галінах эканомікі, навукі, культуры, асобна падкрэсліў тыя свабоды, якімі карыстаецца кожны, што лічыцца галоўнай каштоўнасцю часу.

- У нас, - закончыў Ісаеў, - кожная сям'я, праз адзіную сістэму Інтэрнэта, падключана да агульнай сістэмы кіравання дзяржавай і мае магчымасць уплываць на ўдасканаленне законаў, на ход развіцця агульнаэканамічных інтарэсаў, сацыяльных патрабаванняў, на росквіт культуры і гарманічнае развіццё кожнай асобы. Урад у нас сімвалічны і з'яўляецца каардынатарам агульнаграмадскіх пажаданняў і прапаноў.

Чым больш гаварыў Ісаеў, тым больш халаднейшымі рабіліся вочы Галоўнага.

- А чаму вы не здымаеце сваіх касцюмаў? - падазрона спытаўся гаспадар. - У нас усе павінны быць аднолькавымі!

- На вашай планеце хіміка-біялагічны састаў атмасферы адрозніваецца ад нашага, - зноў быў вымушаны схлусіць Ісаеў.

- Ну што ж, вам трэба адпачыць, а нам падумаць, - устаў Галоўны. - Вас адвязуць у адведзеныя для гэтага апартаменты, - і выйшаў з залы.

Сухіна і Ісаева размясцілі чамусьці раздзельна: не ў розны пакоях, а ў розных будынках. Гэта не толькі здзівіла, але і насцярожыла зямлян. Насцярожвала не толькі гэта: і вялікая колькасць узброеных камуфляжнікаў, і тое, як іх сюды везлі ад карабля.

А везлі іх таксама ў розных машынах, дарогу да рэзідэнцыі выбіралі так, каб абмінуць людзей і тую непрыгляднасць і неўладкаванасць, якая акружала іх.

Насцярожвала і тое, якое незадавальненне выклікаў у Галоўнага апісаны Ісаевым лад жыцця зямлян.

Кідалася ў вочы дрымучая адсталасць аскалаўцаў. Машыны, на якіх везлі ў рэзідэнцыю зямлян, як і аўтаматы камуфляжнікаў, і мясцовыя сродкі сувязі, на Зямлі даўно зрабіліся гістарычным хламам.

Насцярожвала і тое, што ў гасцей нават не запыталіся, як бы яны хацелі выкарыстаць вольны час ці што б ім хацелася ўбачыць, а, як падняволеных, рассялілі пад аховай.

Абмеркаваўшы па ўнутранай сувязі ўсё гэта, пасланцы Зямлі, у мэтах бяспекі, зноў вырашылі не здымаць сваіх касцюмаў да лепшых часоў.

 

* * *

 

Савет бяспекі быў скліканы Галоўным тэрмінова і праходзіў пад яго старшынствам.

Галоўны бліснуў вачыма, ад чаго прысутныя апусцілі галовы і сціснуліся ў камякі.

- У нас госці! - без уступу пачаў старшынствуючы. - Скажу прама: нежаданыя госці. Я яшчэ разбяруся з імі, а пакуль параімся, што з імі рабіць. Тое, што мне давялося пачуць ад іх, выклікае трывогу.

Прысутныя крыху паднялі галовы, але маўчалі.

Галоўны злосна працягваў:

-Там, на Зямлі, адкуль яны прыляцелі, згодна іх слоў, кіруюць нейкія свабоды, кожны робіць, што хоча, кожны сам сабе гаспадар. Урад, зноў жа з іх слоў, сімвалічны. Ці ж такое магчыма?! - узвысіў голас Галоўны.

Тут прысутныя заматалі галовамі:

- Не! Такога не павінна быць!

- Гэта жах!

- Анархія!

- Правакатары! - перакрыквалі адзін другога прысутныя.

Галоўны задаволена абвёў поглядам дарадцаў:

- Дзякуй за падтрымку! Бачу, што нашы думкі супадаюць!

Галоўны зрабіў паўзу, выцер насавой хустачкай успацелы лоб і спытаўся:

- Дык што будзем рабіць?!.

Усе зноў апусцілі галовы - не дай бог не тое ляпнуць ды не дагадзіць Галоўнаму.

- Ну, калі вы маўчыце, тады я вам растлумачу, якая небяспека для нас усіх схавана ў словах касмічных прыблудаў, - павучальна і дакорліва працягваў аратар. - Дык вось, тыя свабоды, пра якія плятуць нашы дарагія госцікі, пазбавяць вас усіх вашых прывілей і вашых...

- Не! Не дазволім!

- Не быць гэтаму ніколі!

- Да д'ябла свабоды! - рашуча паўскоквалі прысутныя.

Галоўны не хаваў усмешкі:

- Бачу, што мысліце вы па-дзяржаўнаму. Малайцы!.. Дык што будзем рабіць? - з іроніяй спытаўся Галоўны і хітра зірнуў на падначаленых.

- К чорту іх!

- Заткнуць ім рот!

- Вон іх адсюль!

- Садраць з іх шлемы - будуць маўчаць, як дохлыя рыбы!..

Галоўны ўзняў руку, і ўсе сціхлі.

- Цікавых прапаноў паступіла шмат, буду над імі думаць... Ёсць і ў мяне для іх «падарункі»... - Раптоўна грозна памахаў пальцам. - І ніякіх ім кантактаў з людзьмі! Ніякіх ім тут свабодаў! Я ім пакажу зямныя свабоды!

 

* * *

 

Сухін і Ісаеў адчулі нядобрае. Яны пераключылі ўнутраную сувязь на такі рэжым работы, каб адзін мог слухаць дыялог другога з гаспадарамі. Таму, калі ў пакой да Ісаева зайшлі двое ў чорных касцюмах, іх размову са сваім калегам Іван чуў даслоўна.

- Добрай раніцы! Як адпачывалі?! - пачалі незнаёмцы.

- Дзякуй! - адказаў Ісаеў. - Мы б хацелі выказаць некалькі сваіх пажаданняў...

Незнаёмцы быццам не пачулі гэтага. Яны запыталіся:

- А чаму вы не дакрануліся да яды? Не спадабалася?

- Вось гэта першая наша просьба: нам неабходна часова вярнуцца на наш карабель, дзе ў герметычным адсеку зможам зняць шлемы і прыняць яду. Там жа мы маглі б закласці па плітцы ежы і вады ў спецыяльныя прыстасаванні ў шлемах, што дазволіць нам доўга абыходзіцца без карабля.

- Баюся, што гэта немагчыма, -адказаў адзін з увайшоўшых.

- Тады, - рашуча заявіў Ісаеў, - нам пагражае галодная смерць!

- А вы здыміце шлемы і ешце! - хмыкнуў незнаёмец.

- Гэта будзе азначаць для нас тую ж смерць! І вы гэта добра ведаеце! - рэзка адказаў Ісаеў.

- Добра, - сказаў перагаворшчык, - мы зробім даклад начальству. Якія яшчэ пажаданні?

- Спадзяёмся, што мы не палонныя і будзем мець магчымасць азнаёміцца з вашай планетай...

«Чорныя касцюмы» рашуча выйшлі, грукнуўшы дзвярыма, - відаць, другое пажаданне не спадабалася ім больш, чым першае.

Іван чуў гэта слова ў слова, хоць і знаходзіўся ў другім будынку. Таму, калі да яго зайшлі візіцёры, ён прытрымліваўся думкі свайго камандзіра...

Галоўны, пасля даклада яму аб кантактах з зямлянамі, насупіўся:

- Ужо другія суткі, як яны на нашай планеце і яшчэ не прымалі ежу... А мне яны пакуль патрэбны жывымі... З іх шмат чаго карыснага для сябе можна выцягнуць...

Пахадзіўшы па кабінеце, Галоўны сказаў прысутным:

- Прыйдзецца везці іх на карабель... Лепей, як сцямнее. Трэба, каб менш цікаўных вачэй бачыла іх...

Наперадзе быў цэлы дзень, і астранаўты засумавалі. Хацелася есці, але цяпер, калі гаспадары амаль не хавалі сваёй варожасці, здымаць шлемы і касцюмы было б вялікай памылкай.

Днём распачаўся такі лівень, што за вокнамі зрабілася цёмна, як і на душы зямлян.

- Як пратрымацца гэты месяц? - спытаўся Іван у Ісаева. - І ці пратрымаемся ўвогуле?

- Будзем спадзявацца, што давядзецца чакаць менш месяца... Ды справа і не ў гэтым, - сумна разважаў Ісаеў, - складанасць у другім: як без сувязі з імі звязацца, як да іх дабрацца? Не падобна на тое, што нас павязуць на карабель, што нам дадуць свабоду...

Ісаеў памаўчаў і дадаў:

- Я маю на ўвазе, што не дадуць свабоду добраахвотна... Баюся, што прымяненне сілы з нашага боку непазбежна.

- А што застаецца рабіць? - пытаннем падтрымаў сябра Іван.

- Пажывём - пабачым... Не ў іхніх гэта інтарэсах, ды і не ў нашых таксама... Пабачым...

Вечарам лівень перастаў, пакінуўшы пасля сябе процьму вады ў кожнай лагчыне.

Калі сцямнела, Ісаева і Івана вывелі з іх пакояў, пасадзілі ў тыя ж машыны,і картэж накіраваўся да касмічнага карабля.

Як ні стараліся кіраўнікі гэтай маленькай планеты захоўваць завесу сакрэтнасці, але слых аб касмічных падарожніках даляцеў да кожнага жыхара, і людзі, нягледзячы на жорсткія забароны сваіх уладароў, збіраліся паглядзець на цуд.

Чым бліжэй было да касмічнага карабля, тым большыя натоўпы людзей можна было бачыць у святле фар уздоўж дарогі. Але картэж хутка імчаў, рассякаючы коламі вялізныя лужыны і абліваючы з галавы да ног і ахову, і цікаўнікаў.

І ўсё ж да самага карабля даехаць не ўдалося - лівень размыў узгоркі і палі, сярод якіх стаяў карабель, ператварыўшы іх у гразь.

Прыйшлося вылазіць з машын, што не было запланавана, і ў цемры, пры цьмяных ліхтарах, кратацца пешшу, ледзь выцягваючы ногі з гразі.

Ліхтары ў руках аховы выхоплівалі з цемры шматлікіх камуфляжнікаў і простых людзей, якія з неверагоднай цікаўнасцю ціснуліся да працэсіі. Было відаць, як тыя ж камуфляжнікі спрытна арудуюць гумовымі дубінкамі, адганяючы людзей, але пабітыя корчыліся ад болю і працягвалі жывымі хвалямі каціцца ўздоўж усяго шляху працэсіі.

Калі карабель быў ужо зусім блізка, нехта, карыстаючыся цемрай і штурханінай, рашуча праціснуўся, нават прадраўся праз ахову і нешта сунуў у руку Івану. Ахова палічыла гэту дзёрзкасць за жаданне дакрануцца да чужынца і груба адштурхнула нахабніка ў гразь, паласнуўшы некалькі разоў па плячах і галаве гумовым мясцовым «законам».

Падышоўшы да карабля, Ісаеў набраў умоўны код на міні-кампутары свайго касцюма, і першыя дзверы паслухмяна адчыніліся.

- Куды?! - груба адштурхнула ахова астранаўтаў. - Толькі з намі! І толькі пасля нас! - і некалькі чалавек увайшлі ў першы адсек.

- Падрыхтуй сістэму абароны! - скамандаваў шэптам Ісаеў. - Відаць, надышоў час зброі!

- Ну што застылі! Заходзьце! - і некалькі аўтаматаў штурхнулі ў плечы зямлян.

Ісаеў рэзка крутнуўся і накіравана, прыцэльна, каб не пашкодзіць людзей, прывёў у дзеянне паралізатар.

Якое ж было яго здзіўленне, калі пад моцнымі патокамі выпраменьванняў камуфляжнікі працягвалі іх штурхаць аўтаматамі ў плечы і грудзі.

Іван, бачачы такі нечаканы эфект іх зброі, з перапуду ціскануў на ўсе магчымасці абодвух міні-блокаў-рэактараў і накіраваў знішчальныя промні на тых, хто заняў першы адсек, каб расчысціць праход усярэдзіну карабля. Уся моц абодвух блокаў нябачным шквалам абрынулася на захопнікаў касмічнага карабля. Але можна было падумаць, што магутная зброя, здольная імгненна знішчыць тысячы людзей, сапсавалася і не дзейнічае. І толькі лазерныя промні пранізвалі цемру і пацвярджалі, што сістэма абароны дзейнічае бездакорна. Лазерныя промні пранізвалі не толькі цемру, але і няпрошаных гасцей у адсеку карабля.

Сухін «паліваў» промнямі ўзброеных аскалаўцаў і вачам не верыў. Лазер пранізваў іх наскрозь, біўся аб спецыяльную абшыўку адсека і асляпляльнымі іскрамі адскокваў ва ўсе бакі.

- Ха-ха-ха-ха! - пачулася працяглае рагатанне з адсека. - Заходзьце ў свой карабель і бярыце яду, а то здохнеце з голаду, як прыблудныя сабакі! Жыва!

Астранаўтаў запіхнулі ў адсек, дзе, падпёртыя з усіх бакоў аўтаматамі, яны набралі новы код і праз герметычны люк увайшлі разам з пільнымі ахоўнікамі ў карабель.

Ісаеў ціха загадаў Івану:

- Ідзём у бок катапульты! Па маёй камандзе хуценька заскокваем і імгненна заблакіруем люк!

Каб не выклікаць падазронасці, астранаўты паволі падыходзілі да катапульціруючай капсулы, супакойваючы сваіх вартавых:

- Мы прайгралі! Ваша ўзяла... Мы ўсё зробім, што вы загадаеце...

- Даўно б так! - расслабілася ахова, смакуючы сваю перамогу.

Параўняўшыся з задраеным люкам катапульты, Ісаеў скамандаваў:

- Увага! - і націснуў на сваім міні-кампутары на адпаведны клавіш. Люк бясшумна і нечакана расчыніўся, астранаўты натрэніравана і спрытна ўскочылі ў капсулу, і люк зноў стаў на сваё месца.

- Без яды, затое свабодныя! - усклікнуў усхваляваны Іван.

- І з ядой, і свабодныя! - удакладніў Ісаеў. - У капсуле ёсць аварыйны запас і таго, і другога!

- Уперад? - спытаўся шчаслівы Іван.

- Уперад! - пацвердзіў спакойны Ісаеў і націснуў на «старт».

Катапультная капсула была задумана як аварыйны выхад з карабля. Капсула мела адпаведны рэсурс аўтаномнага лёту, які забяспечвалі магутныя батарэі, яна мела герметычную абалонку і ўяўляла сабой міні-карабель.

Цемра і бязгучнасць лёту капсулы дазволілі астранаўтам непрыкметна аддзяліцца ад карабля і растаць у вышыні.

Раз'юшаныя ахоўнікі, баючыся за свае галовы, усімі сродкамі спрабавалі выламаць люк, упэўненыя, што іх ахвяры знаходзяцца за ім, схаваўшыся ад праследавання.

У ход ішлі прыклады аўтаматаў, з'явіліся аднекуль ламы і кувалды, але лягчэй было б біцца галавой у сцяну, чым выламаць гэты люк, за якім ужо нікога не было.

А астранаўты тым часам, каб не «засвяціцца», не запальвалі ўнутранага асвятлення і абміналі святло населеных пунктаў.

Зберагаючы рэсурс батарэй, яны выбралі цёмную пустэчу і пасадзілі свой выратавальны апарат.

- Віншую! - сказаў Ісаеў. - Мы нечакана лёгка пазбавіліся ад нашых «благадзецеляў».

- Ху-у-х! - толькі і выдыхнуў Іван.

- Ну што, здымем шлемы і як след падсілкуемся! - прапанаваў камандзір пакінутага назаўсёды карабля.

Толькі цяпер Іван заўважыў, што жывот падцягнула да спіны.

- Ого! Я магу праз жывот пачухаць свой пазванок! - пажартаваў Іван і бадзёра дадаў: - Ёсць падсілкавацца!

Праглынуўшы некалькі вітамінных гранулаў і выслабаніўшы ад «палону» крышталік вады, астранаўты паспрабавалі прааналізаваць вынікі гэтых двух сутак.

- Што гэта за лад такі? Што тут за парадкі? - абураўся Іван.

- Хутчэй гэта - беспарадкі! - адказаў Ісаеў. - Я, як і ты, не гісторык, але прыпамінаю са школьнай праграмы, што напрыканцы дваццатага і да сярэдзіны дваццаць першага стагоддзяў і на Зямлі існавалі рэжымы, дзе дыктат падмяняў і законы, і ўсе правы людзей. Нешта падобнае назіраецца і тут...

- А мы чым не дагадзілі гэтым... уладарам?! - здзівіўся Іван.

- Мая памылка! - прызнаўся Ісаеў. - Не трэба было пры першай сустрэчы вытыркаць нашы дасягненні і свабоды! Думаю, што гэта галоўная прычына нашай апалы... Дыктатары такога не даруюць...

Іван схамянуўся:

- А што такое з нашай зброяй?! Чаму яна не закранула гэтых... нячысцікаў?

Ісаеў ажывіўся:

- І сапраўды, чаму? Гэта падобна на дурны сон! Лазер праходзіў праз іхняе цела, як праз паветра... Што гэта за загадка?..

- А яны не такія ўжо і дапатопныя, калі на такую зброю нават не звярнулі ўвагі, - разважаў услых Іван.

Тут ён успомніў, як адважны незнаёмец нешта сунуў яму ў руку і Іван, не маючы магчымасці разгледзець падарунак, паклаў тое «нешта» ў бакавую кішэню касцюма.

Цяпер ён асцярожна дастаў з кішэні нечаканую рэч і ў цемры абмацаў і зразумеў, што гэта кавалак паперы.

- Ілля Іванавіч! - насцярожана пачаў Іван. - Тут вось нешта падобнае на запіску, якую мне ткнуў у руку незнаёмец з натоўпу!

- Запіска! - ажно падскочыў Ісаеў. - Нам зараз кожная дробязь неабходная і важная! Мы засталіся адны на чужой, невядомай планеце! Уключы ліхтарык і чытай!

Іван з нецярпеннем, дрыготкімі пальцамі расклаў паперу і запаліў ліхтарык. Было напісана наступнае: «Пяцьдзесят кіламетраў на поўнач ад касмічнага карабля. Тры дубы на беразе рэчкі. Сем кіламетраў улева да адзінокай скалы на ўскраі лесу. Буду чакаць кожны дзень - захад сонца».

- Усё! - спыніўся Іван.

- І ўсё? - машынальна перапытаў Ісаеў.

- Так. Ні подпісу, нічога, - пацвердзіў Іван.

Ісаеў ажывіўся:

- Што ж... і гэта нямала! Нехта хоча сустрэцца з намі.

- А не пастка гэта? - недаверліва спытаўся Іван. - Ім тут даверу няма...

- Не думаю, - няўпэўнена адказаў Ісаеў. - А цяпер мы навучаныя і будзем праяўляць асцярожнасць... А па-другое, у нас няма выбару, ды і дакладнага адказу ні на адно пытанне мы не маем. Рызыкнём, а там будзе бачна...

 

* * *

 

Рызыкнуць і сапраўды прыйшлося, бо, каб праляцець гэты нескладаны маршрут і адшукаць патрэбныя арыенціры, трэба было ўзлятаць, а гарантыі, што іх не заўважаць, не было.

Каб паменшыць рызыку, узляцелі перад самым захадам сонца, калі ўжо не зусім светла і яшчэ не надта цёмна. Адлічылі прыборамі пяцьдзесят кіламетраў на поўнач, адразу ўбачылі тры дубы на беразе рэчкі, крутнулі ўлева і праз хвіліну былі над скалой, якая прыляпілася на ўскраі ляснога масіву. Месца было даволі глухое, пагоркавае. Завіснуўшы над абазначаным арыенцірам, астранаўты пільна даследавалі наваколле, але нічога падазронага не знайшлі і пасадзілі капсулу. Сонца садзілася за лес, пачынала цямнець, але ніхто пра сябе не напамінаў.

- Пачакаем яшчэ крыху і адляцім, тут начаваць не будзем! - сказаў Ісаеў напружана.

Іван нервова маўчаў. Прайшло яшчэ некалькі часу, а сустрэча з пасланцом запіскі зацягвалася.

Нарэшце, нечакана для зямлян, побач з капсулай неяк загадкава апынуўся незнаёмец.

Гэта быў гадоў трыццаці пяці чалавек з прыветлівым тварам і крэпкай постаццю. Ён даверліва ўсміхаўся і не ўяўляў сабой ніякай небяспекі для двух зямлян.

- Ага! - вырвалася ў Ісаева. - Вось і наш... будзем спадзявацца, сябар.

- Ну што, выходзім? - спытаўся Іван.

- Спачатку выйдзеш толькі ты і даведаешся, што ў яго за справа да нас, а я цябе падстрахую, - загадаў Ісаеў.

- Я дык я! - і Іван адчыніў свой герметычны выхад. Лёгка выскачыўшы з капсулы, навуковец гэтак жа лёгка падышоў да незнаёмца.

Той першы працягнуў руку для вітання і, не перастаючы ўсміхацца, сказаў:

- Я - ваш сябар! Маё імя Алесь, без мяне вам будзе цяжка разабрацца, куды вы трапілі.

Іван паціснуў руку новаму знаёмаму і, назваўшы сваё імя, спытаўся:

- А чаму мы павінны верыць, што вы нам сябар, а не гэткі ж, як тыя камуфляжнікі?

Алесь адказаў нечакана і пераканаўча:

- Гэта я паслаў сігнал ва Ўсяленную, які, як я разумею, вы атрымалі і прыляцелі сюды.

Іван шырока раскрыў вочы. Падзеі апошніх сутак адсунулі на другі план эмоцыі, выкліканыя таямнічым сігналам. Пра яго проста не думалі.

- Вы-ы?! - не сваім голасам спытаўся пасланец Зямлі. Затым, памятаючы нядаўнія сутычкі з аскалаўцамі, падазрона пераправерыў: - Прабачце за такое пытанне, але якія словы ўтрымліваў той сігнал?..

Алесь слова ў слова, літара ў літару пераказаў тэкст і дадаў:

- Ніхто, акрамя мяне, на гэтай планеце не ведае пра сігнал...

Іван моцна паціснуў руку новаму сябру.

- Даруйце яшчэ раз за нашу падазронасць! І дзякуй вам за сустрэчу! Што мы павінны рабіць цяпер?..

- Па-першае, трэба паставіць ваш лятальны апарат вунь у тую нішу пад абрывам і замаскіраваць, а пасля гэтага я запрашу вас да сябе.

Іван хуценька падбег да капсулы:

- Якая ўдача! Гэта той, хто паслаў нам свой сігнал. І ўвогуле, бачна, што ён чалавек надзейны і сапраўдны сябар, без якога нам не абысціся!..

Выканаўшы работу па маскіроўцы капсулы, трое сяброў падышлі да скалы, дзе Алесь адкаціў даволі вялікі камень, пацягнуў на сябе тое, што аказалася закамуфліраванымі пад колер скалы дзвярыма, і ўсе апынуліся ў незвычайным пакоі.

- Вось дык да! - з захапленнем усклікнуў Іван. Потым убачыў тут і нейкую апаратуру, якая сваім выглядам напамінала хроніку шматгадовай даўніны.

- І адсюль?! Адсюль вы паслалі свой сігнал?! Пры дапамозе гэтага (ледзь не вырвалася «хламу»)... гэтай тэхнікі?!

Алесь спакойна і з годнасцю пацвердзіў:

- Адсюль. Пры дапамозе гэтага хламу, як вы і падумалі...

- Прабачце, - прымірэнча сказаў Іван, - з вашага боку гэта навуковы подзвіг... А нашы адказы вы не атрымлівалі?

- На жаль, усё, што мне ўдалося выціснуць з гэтай састарэласці, дык толькі аднабаковую сувязь. Перадаць штосьці можна, прыняць - немагчыма.

- Мы вам дапаможам! Вось-вось прыляціць новы карабель...

Ісаеў перапыніў сябра:

- Свае навукова-тэхнічныя дыспуты працягнеце пазней! Спачатку - агульнае азнаямленне. Мы нічога не ведаем пра вашу планету, пра вашых людзей!

- Людзей?! - раптоўна панік Алесь. - А вас не скалыхнула тое, што ваша зброя аказалася бяссільнай перад гэтымі «людзьмі»?

- Для нас гэта адна з асноўных загадак вашай планеты...

- Нашай?! - даволі холадна перапытаў Алесь. - Не, гэта не наша планета! Гэта - месца нашай высылкі! Выгнання!

- Прабачце, - як можна мякчэй пачаў Іван, - мы шчыра жадаем разабрацца, што тут да чаго, а нашы пытанні абураюць вас... абражаюць вашу душу...

- Душу?! - яшчэ больш узвінчана перабіў Алесь. Потым памаўчаў і сарамліва павінаваціўся: - Гэта вы мяне прабачце... Я размаўляю з вамі як з людзьмі, дасведчанымі ў нашых сумных справах, як з людзьмі, якія вінаватыя ў нашай безнадзейнасці... Прабачце...

Ісаеў пяшчотна паклаў руку на плячо Алеся і ціха прапанаваў:

- Мы сапраўды нічога тут не разумеем... Вы самі вырашыце, што можна нам расказаць, каб меней кранаць болем ваша сэрца...

Алесь пагадзіўся:

- Добра. Я раскажу вам усё,і, калі стома дазваляе вам слухаць, набярыцеся цярпення...

Усе селі ў пацёртыя, але глыбокія і ўтульныя крэслы і - адны падрыхтаваліся слухаць, другі - распавядаць.

- Пачну з самага нечаканага для вас. Вы спыталіся, што гэта за людзі... што мы за людзі... Так?

Зямляне, баючыся перарваць распавядальны маналог свайго сябра, у знак згоды моўчкі кіўнулі галовамі.

- Дык вось, - працягваў Алесь, - мы - не людзі. Мы зусім не людзі!

- Як не людзі?! - у адзін голас усклікнулі зямляне, забыўшыся на неперарыванне маналога. - А хто ж вы?!.

- Мы? - горка ўсміхнуўся Алесь. - Мы - душы людзей, якіх даўно няма ў жывых. Так даўно, што ніхто з нас не памятае, калі мы пакінулі смяротнае сваё цела і ператварыліся ў міраж, прывід, паветра...

Гаспадар падскальнага пакоя памаўчаў, назіраючы, як у яго новых сяброў шырока раскрыліся раты і палезлі на лоб вочы. Убачыўшы, што зямляне нібы ператварыліся ў камень, спытаўся:

- Цяпер вам зразумела, чаму ваша зброя нікога не забіла, нават не параніла? Душа - бессмяротная! Яе забіць немагчыма!

- Што?! Тут, на планеце Аскал, адны душы?! Душы, якія размаўляюць, нешта робяць, нават страляюць?!

- О-о! Гэта доўгая гісторыя, - сумна працягваў Алесь. - Але раз ужо я пачаў распавядаць, неабходна давесці да канца маю споведзь, інакш у вас будзе больш пытанняў, чым адказаў на іх.

Сухін і Ісаеў не варухнуліся, быццам самі зрабіліся аднымі з тых, хто насяляе гэту незвычайную планету.

Алесь працягваў:

- Шмат чаго я і мы ўсе тут не памятаем. Прайшло нямала стагоддзяў з дня нашага пакарання. Няма горшых пакутаў, чым вечны роспач і мітусенне душы, бо і ў душы павінна быць сваё ўміратварэнне і ўладкаванне. Вам гэтага не зразумець...

- Чаму?.. - каб не маўчаць, абстрактна спытаў Ісаеў.

А Алесь распавядаў далей:

- Трагедыя яшчэ і ў тым, што не ўсе прагнуць успакаення і ўміратварэння. Напрыклад, тыя, хто сёння пры ўладзе, з усіх сіл стараюцца замітусіць, забаламуціць усіх, бо ў гэтым яны знаходзяць свае існаванне.

- А хто пакараў вас? - ціха пацікавіўся Іван.

- Пакараць цэлы народ такім чынам здольны толькі той, пра каго мы, у свой час, забыліся, ад каго адвярнуліся... Але думаю, што пакаранне пачалося з нас саміх. Мы самі сябе пакаралі... Калісьці, шмат вякоў назад, мы, людзі адной нацыі, адной дзяржавы, наперакор усяму свету пайшлі не ўперад, а, патаптаўшыся на месцы, накіраваліся назад. Кінуўшы пад ногі здабыткі продкаў, збэсціўшы сваю гісторыю, сваё мінулае, мы, неяк непрыкметна для сябе, забыліся - хто мы! Забыліся пры жыцці! Ля могілак бацькоў! На святой сваёй зямлі! Мы замуцілі, забрудзілі свае вытокі, мы павысушвалі свае карані!

Такое, як аказалася пазней, не праходзіць бясследна, не даруецца. Забыўшыся, хто мы, - мы павярнулі вочы ў бок штучных цэннасцяў, мы смяяліся над такімі паняццямі, як духоўнасць, душа, мы, па сутнасці, адмовіліся ад душы, прадалі яе тагачасным заклікам і заклінанням шаманскай, чужой ідэалогіі.

Чалавек без душы - горш іржавага робата, ён, калі што і робіць, - робіць бяздумна, зацюкана, нятворча. А калі дадаць да гэтага, што бяздушны чалавек робіць яшчэ і пад вечным страхам, - можна сабе ўявіць, да якога заняпаду мы дайшлі. Нас апанавалі хваробы, катастрофы, голад, жорсткасць. Нас пачалі касіць эпідэміі, мор. Мы дэградыравалі і зніклі...

Ісаеў і Сухін ад жаху не маглі варухнуцца. Іван, прыйшоўшы ў сябе, ледзь чутна спытаўся:

- Ну а яны, тагачасныя вашы кіраўнікі, няўжо не разумелі, што быць творцам можа толькі свабодны, разняволены чалавек, пазбаўлены страху?

- Яны-то, магчыма, і ведалі гэта, але разумелі і тое, што свядомы, свабодны, творчы і забяспечаны чалавек будзе пазбаўлены залежнасці ад уладаў і ніколі не сагне каленяў перад дыктатам.

Ісаеў таксама пацікавіўся:

- Няўжо ўсе падпарадкоўваліся гэтай несправядлівасці? А інтэлігенцыя? А творчыя людзі?

- Былі такія, хто не забыўся пра свае карані, але яны забыліся пра другое. Забыліся, што трэба адкінуць уласныя амбіцыі і ратаваць сваю бацькаўшчыну. Яны грызліся паміж сабой за нейкія прэміі, за права ўзначальваць саміх сябе - за дробязі, не заўважаючы галоўнае. Гэта нагадвала дзяцей, якія сквапна вытрасаюць кішэні сваёй паміраючай маці і радуюцца - хто болей знайшоў медзякоў...

- А сюды?! Як трапілі вы сюды?! Дзе - Зямля! Дзе - Аскал!

- Душа, як і думка, здольна перамяшчацца ў прасторы імгненна. Варта толькі некаму пажадаць - і душа пераселіцца ў самую недасягаемую далеч... што і здарылася з намі.

- І хто пажадаў такое? Не вы ж самі? - спрабаваў удакладніць Іван.

- Гэта ва ўладзе толькі Бога! Ён, назіраючы за нашым духоўным і фізічным выраджэннем, рашыў, што мы не дастойныя той зямлі, ад якой адвярнуліся, і выбраў самую далёкую планету, куды і перасяліў нашы душы-прывіды. Гасподзь,у пакаранне, захаваў пры нас усю нашу тагачасную недарэчнасць і перанёс яе сюды.

- А падрабязней, што гэта за недарэчнасць? - спытаўся Ісаеў.

- Вы не бачылі нашу беднасць, якую мы працягваем ухваляць як нейкае эканамічнае дасягненне! Вы не бачылі нашы чэргі! Вы не спрабавалі пакаштаваць нашу каўбасу, ад якой сабакі дохнуць! Вы і не ўяўляеце нашу зашоранасць і даверлівасць! У нас тут пастаянныя сходы, галасаванні, рэферэндумы! Мы змагаемся за пераходны сцяг, за ганаровы вымпел, за грамату! Мы робім выгляд, што прымаем законы, а правіць сіла беззаконня! З намі - нашы хваробы: і фізічныя, і маральна-псіхалагічныя! Мы калісьці сваю годнасць, мову, духоўнасць і душу прамянялі на ўсё гэта. Забыўшыся, хто мы, - мы не маем мінулага, з намі толькі наша вечнае сучаснае - нашы пакуты...

Распавядальнік сціх і апусціў галаву. Было відаць, што кожнае слова аддавалася яму болем.

- А мова? Што ў вас за мова такая? Я не бачу ёй лагічнага тлумачэння, - асцярожна загаварыў Іван. - Вы і гэта мова - штосьці ненатуральнае, супярэчлівае, іншароднае...

Алесь не адказаў і яшчэ ніжэй апусціў галаву. Іван зразумеў, што гэта, магчыма, самы вялікі грэх кожнай сумленнай пераселенай душы.

- А дзе выйсце? - занепакоена спытаўся Ісаеў. - Чым вам можна дапамагчы?

Алесь горка ўсміхнуўся:

- Дзе выйсце?.. А выйсце, здавалася б, вельмі простае: тая душа, якая ўспомніць, дзе пачатак яе роду, якая атуліць сябе адвергнутымі святынямі, якая шчыра пакаецца перад сабой і Богам, тая душа зробіцца нябачнай і знойдзе ўпакаенне на зямлі сваіх продкаў - і мучэнні скончацца...

- Няўжо так складана ўспомніць сваё мінулае і пазбавіцца ад пакутаў? - не вытрымаў Ісаеў.

- Каб гэта было так проста, большасць даўно б перасялілася ў вечную благадаць. Нават душы тых, хто калісьці збіраўся выратаваць нацыю ад слепаты, працягваюць і тут дзяліць прэміі і званні, не жадаюць саступіць лідэрства адраджэнства свайму паплечніку. Душы толькі тых нямногіх, хто ў свой час не раздваіўся, не зламаўся, пакояцца на адвечнай Радзіме ў згодзе з Богам і сабой.

- Мы не гісторыкі, - вінавата прызнаўся Іван, - тут патрэбны спецыяліст у сваёй галіне. Абяцаем, што, вярнуўшыся на Зямлю, дакапаемся да вашага роду-племені і неяк перададзім вам...

- О не! Гэта не дапаможа! Мы павінны самі ці ўратавацца, ці працягваць вечныя пакуты... Толькі самі...

Далей гаворка не складвалася. Усе разумелі, што пасля галоўнага і балючага распытваць сёння пра іншыя дробязі было б нетактоўным.

 

* * *

 

Прыкладна праз два тыдні аўтаномны блок сувязі на капсуле прыняў сігнал падлятаючага да планеты Аскал касмічнага карабля-выратавальніка.

Узрушаныя Ісаеў і Сухін перадалі адказ, назваўшы свае каардынаты, і папярэдзілі калег, каб не садзіліся на планету.

У сумнага Алеся не было прычын для радасці, бо новыя сябры і цікавыя субяседнікі збіраліся пакінуць яго назаўсёды, а наперадзе чакалі яго абраныя некалі ім пакуты.

Калі аднойчы касмічны карабель завіс над скалой і прыняў на борт капсулу з двума астранаўтамі, Алесь стаяў і плакаў - пакуты працягваліся.

Якое ж было Алесева здзіўленне, калі капсула з адным Іванам вярнулася назад і села побач з ім.

- Вы нешта забыліся? - пацікавіўся Алесь.

- Сядай! - раптоўна паказаў Іван на свабоднае месца.

- Не! - рашуча адказаў Алесь. - Перасяленне душы тэхнічнымі сродкамі немагчыма. Толькі тут і толькі мы самі! Вы бяссільныя дапамагчы нават аднаму мне...

- Ты не зразумеў! - засмяяўся Іван. - Сядай, давязеш мяне на карабель, а сам з капсулай вернешся назад. Душа павінна лётаць - вось табе і крылы! Хутчэй сядай!

- Не, - сумна адказаў Алесь, - у сапраўднай душы павінны быць свае крылы, узрошчаныя верай і праведнасцю, узнёсласцю і духоўнасцю яшчэ пры жыцці... Дзякуй! Вы і так шмат зрабілі для мяне, вы страсанулі і вывелі маё існаванне са стану змярцвелага сну... Шчаслівай дарогі, і няхай абміне вас тое бяспамяцтва, якое напаткалі мы...

Вяртаючыся дамоў, Іван Сухін не адчуваў ні радасці адкрыцця новай планеты, ні радасці хуткай сустрэчы з родным домам, бо недзе там, на маленькай планеце Аскал, мільёны чалавечых душаў пакутуюць і мітусяцца ў пошуках упакаення і боскай благадаці.



Падрыхтавана: Алесь Хмара

Беларуская Палічка: http://knihi.com