epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пластычная аперацыя

Васіль з Наталляй пражылі сямейна дваццаць пяць гадоў і, як і належыць, справілі сярэбранае вяселле.

У іх сям’і, як і ў кожнай, было ўсякае, як кажуць, і белае, і чорнае.

І усё ж белага — згоды і ладу, было пераважна больш. А калі дадаць да згоды і ладу галоўны скарб жыцця, дзяцей, дык вунь як хораша выглядае дваццаціпяцігадовае серабро іх шлюбу.

У старэйшага сына Анціпа і яго жонкі Ганны, вось-вось з’явіцца свой «галоўны скарб жыцця». І Васіль з Наталляй урачыста рыхтаваліся да ганаровага звання дзядулі і бабулі.

Малодшы сын Ігнат, якому «стукнула» ўжо дваццаць гадоў, завіхаўся за аднавяскоўкай Таццянай, прыгажуняй і шчабятухай.

Жыццё, як смяяўся Васіль, набірала абароты.

Але дзе вы бачылі, каб жыццёвыя абароты абыходзіліся без непатрэбнай турботы?

І сапраўды, ёсць гэтыя турботы патрэбныя, нават неабходныя, напоўненыя руплівасцю і гаспадарлівасцю.

А ёсць зусім непатрэбныя, напоўненыя згрызотай і дурнотай.

Менавіта такія турботы, як лыжка дзёгцю ў бочку мёду, уваліліся ў адбудаваны і ўсталяваны лад жыцця гэтай звычайнай сям’і.

Адным разам, Наталля села на канапу да Васіля і лісліва кажа, дакладней, пытаецца:

— Ты, Васілёк, не супраць, калі я на тыдзень-другі ад’еду да маці і паруплюся там на іх клопатах? Дапамагу бацькам, падтрымаю іх. Ды і пабачыцца дужа хочацца, тым больш, што я ў адпачынку. Га?

— А можа, крыху пазней і я выкручу час, ды разам скокнем да бацькоў? — спытаў яе Васіль.— Ты там наляжаш на грады, а я пазавіхаюся з плугам і сякерай...

Наталля запярэчыла:

— Пакуль ты будзеш выкручваць свой час, мой адпачынак скончыцца. Паеду я адна!

— Адна дык адна... — паціснуў плячыма ў знак згоды Васіль.

Бацькі Наталлі жылі ў дзесяці кіламетрах ад вёскі Васіля, куды Наталля пасля вяселля і пераехала жыць да мужа.

Васіль застаўся адзін на гаспадарцы. Праўда, дапамагалі сыны і цяжарная нявестка.

У вёсцы, калі хочаш, каб «жылосы ды вялося», няма паасобку жаночай ці мужчынскай працы. Гаспадарка агульная, яна і корміць, і поіць сям’ю. Васіль лёгка прызвычаіўся да агульных сямейных абавязкаў. Таму цяпер, застаўшыся і за гаспадара, і за гаспадыню, ўпраўляўся з усім без вялікай напругі.

Прыкладна, дзён праз дзесяць пасля ад’езду жонкі да бацькоў, Васіль вярнуўся дадому з працы і, пераступіўшы парог, аслупянеў, заўважыў нейкую незнаёмую асобу, якая ў фасоністай позе стаяла ля стала.

Апрытомнеўшы, гаспадар здзіўлена запытаўся:

— У нас госці? Але я вас ніколі не бачыў сярод нашых сваякоў. Вы хто?

— Ты што, Васілёк, не пазнаеш мяне? — спытала незнаёмая асоба.

А вось голас Васілю падаўся знаёмым. Ён уважліва пачаў разглядаць жанчыну. Вусны ў яе былі таўшчэзныя, як спелыя слівы. Размаўляючы, яна ледзь кратала імі. Вочы былі чамусьці розныя, не колерам, а па абрысу. Адно вока было як у кітайцаў — выцягнутае, як шчылінка, а другое — круглае, як у рыбіны. І дзіўная рэч, «шчылінка» міргала, а «рыбіна» пазірала не міргаючы, як перламутравы гузік.

Паміж вачыма і «слівамі» наліўся чырванню распухлы нос.

— Дык хто вы? — выдыхнуў аслупянелы Васіль.

Ён адчуваў сябе неяк спалохана, бо бачыў, як сыны і нявестка, седзячы ў куце хаты, напружана пазіралі на жанчыну.

На пытанне Васіля адказаў Ігнат:

— Тата, ты толькі не палохайся... Гэта наша мама...

— Хто-о-о? — выцягнуў шыю гаспадар.— Чыя гэта мама? Гэтае страхалюдзіна ваша маці? Апамятай, Ігнатка!

«Страхалюдзіна» наблізілася да збялелага Васіля.

— Васілька, ты ж прыглядзіся лепш. Гэта я, Наталля, з якой ты пражыў шчаслівыя дваццаць пяць гадоў. Ну, пазнаеш?

Васіль адскочыў ад жанчыны, як ашпараны:

— Вы што, дурня з мяне ўсе робіце? Я што, сваёй жонкі не пазнаю? Хопіць! Хто гэта жанчына?

— Супакойцеся, калі ласка, і паслухайце,— звярнулася да Васіля нявестка.— Гэта сапраўды ваша жонка Наталля і мая свякроўка. Яна нам шмат растлумачыла, а я вам усё раскажу. Наталля ездзіла не да бацькоў, а ў Мінск да нейкага там доктара, які зрабіў ёй пластычную аперацыю. Зараз гэта вельмі модна.

— Навошта аперацыю? — спалохаўся Васіль.— Яна хворая?..

Ганна зноў пачала супакойваць свёкра:

— Такую аперацыю робяць, каб стаць маладзейшым, прыгажэйшым...

Васіль тыцнуў пальцам у твар «страхалюдзіны»:

— Прыгажэйшай?! Ды з такой прыгажуняй боязна начаваць у сваёй хаце!

Наталля, а гэта была сапраўды яна, зноў наблізілася да мужа, які сціснуўся ў камяк.

— Васілёк,— пачала жанчына,— супакойся. Дасць бог, прывыкнеш. Я ж хацела, як лепш... Там, разумееш, розныя тракцыі, карэкцыі, надрэзы, падцяжкі... Бывае горш, бывае лепш...

Васіль перахрысціўся.

— Якое тут лепш! Была жанчына як жанчына, баба як баба, не лепшая, але і не горшая за астатніх...

Наталля перахапіла гаворку:

— Не лепшая за астатніх?! Вось гэта тваё «не лепшая» і вымусіла мяне шукаць паратунку, каб быць лепшай.

Васіль зарагатаў:

— Паглядзіце на гэтую лепшую! Ад цябе ж на вуліцы не толькі людзі, а нават вясковыя сабакі будуць шандарахацца.

Наталля зноў звярнулася да мужа:

— Ну а голас мой хоць пазнаеш?

— Што мне голас! — не супакойваўся Васіль.— Я не з голасеам жаніўся, і не з голасом жыў дваццаць пяць гадоў. Затыкні ты свой голас у адно месца.

Што было рабіць Васілю? Не выганяць жа з хаты сваю, хоць і такую «папрыгажэлую» жонку. Але як жыць з ёй далей? Як кажуць, ні сабе паглядзець, ні людзям паказаць.

Вечарам, трохі супакоіўшыся, Васіль кажа Наталлі:

— Вось што, даражэнькая, у такім выглядзе ты людзям на вочы не паказвайся!

— А што? А як?..— разгубілася Наталля

— Будзе так! — рашуча адказаў Васіль.— Ёсць у мяне процівагаз, вось і будзеш яго нацягваць на сваю дурную галаву перад тым, як выйсці з хаты на вуліцу.

— Ты што, Васілька! А што людзі скажуць? А што я ім скажу?

— Табе не пашкодзіла б і спаць у ім...

— Ноччу — не! Ты ж мяне палохацца будзеш у працівагазе.

— І праўда,— хмыкнуў Васіль,— з ім страшна, але і без яго хоць крычы.

Вось так і пачалося ў Васіля з Наталляй новае сямейнае жыццё.

Ідуць яны па вуліцы, а насустрач аднавяскоўцы:

— Што гэта, Васіль, твая Наталля ў процівагазе? — пытаюцца яны.

А Васіль бадзёра адказвае:

— Па прадпісанню грамадзянскай абароны і ў сувязі з абвастрэннем міжнародных адносін, неабходна прызвычайвацца вось да такіх мер бяспекі.

Але, не хадзіць жа астатняе жыццё Наталлі ў гэтай гуме. Трэба шукаць нейкі паратунак. І, здаецца, Васіль яго знайшоў.

— Бяры, Наталля, якія ёсць грошы,— кажа ён жонцы,— едзь да таго доктара, няхай ён па тваім здымку кіруе тыя тракцыі і карэкцыі, на былы твой знешні выгляд.

— А калі ў яго не атрымаецца?

Васіль супакоіў жонку:

— Больш жахліва чым ёсць, спадзяюся, не будзе...

І паехала Наталля шукаць сваю сапраўдную былую прыгажосць.

А Васіль не можа знайсці сабе спакою: ці пазнае ён тую, якая пераступіць парог роднай хаты? І хоць вельмі спадзяецца, што пазнае, але працівагаз на ўсякі выпадак трымае пад рукой.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.