epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Плоць і дух

Не плоть, а дух растлился в наши дни...

Ф. Тютчев (1851 г.)

 

О, дух ваш быў, як кажуць, на кані,

Ў прамым і пераносным сэнсе слова.

А вы бы зазірнулі ў нашы дні,

У вас, напэўна, аднялася б мова.

 

Здавалася б, гадоў імклівых рух —

У будучыню, да вяршынь духоўных.

Ды штосьці адстае ад часу дух

Й ад плоці адстае — яна ў галоўных.

 

Ліецца ў нашы душы плынь бяды —

Інфармацыйны бруд з усяго свету.

На шчасце, вы не ведалі тады

Ні тэлевірусаў, ні інтэрнэту.

 

Бульш мудрым стаў сучасны чалавек,

У навуковы свет рвануў з запечча.

Але чамусьці наш вучоны век

Больш жорсткі, нават за сярэднявечча.

 

На жаль, дабро ад зла не прапалоць,

Як бураю не сцішыць завіруху.

Дык вось чаму, дзе плоць знішчае плоць

Й ліецца кроў — не будзе месца духу.

 

Вы — там, мы — тут. Нас падзяляе час —

Стагоддзе з гакам, ледзь акіне вока.

І шмат у чым далёка вам да нас,

Але у многім нам да вас далёка.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.