epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Плюс і мінус

Бывае так —

ні смеху і ні слёз,

Адны пустыя лёсу абяцанні.

Я да яе свае надзеі вёз,

А ад яе — свае расчараванні.

 

Расчараванні, што патраціў час,

Удзячнасць, што з душы дакуку скінуў.

А ўвогуле, што можа звязваць нас?

Нічога, апроч кволых успамінаў.

 

Загадка душ — трынож ці не трынож,

Віруе, нібы вецер

Ў полі чыстым...

А ўбачыцца нам трэба было ўсё ж,

Хаця б таму, што мы антаганісты.

 

Што там, пачуўшы «так»,

скажу я «не»,

Пачуўшы «не», яе не падтрымаю.

А гэта забаўляе і мяне,

Ды і яна такі расклад прымае.

 

Адказваў я падкусам на падкус,

Таму ні ў чым мы не прыйшлі да згоды.

Усім вядома — мінус, як і плюс,

Прыцягваюцца, хоць і антыподы.

 

Напэўна ў гэтым тоіцца адказ

На ўсе пытанні будзе ён адзіны.

Настолькі розных, што яднае нас?

Хутчэй за ўсё, не толькі успаміны.

 

У розных нас,

адзін агульны груз,

Пытанне без адказу — назаўсёды:

А хто з нас будзе мінус?

А хто плюс?

Упэўнены — і тут не будзе згоды.

 

Яшчэ між намі — і не першы год

Пытання груз,

І зноў адзін агульны:

Чаму мы разам — як агонь і лёд,

А жыць адно без аднаго —

Няўтульна?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.