epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Помнікі

Я ні малым і ні старым

Не труціў сваё жы́цце —

Ніколі не зайздросціў тым,

Хто ў бронзе ці граніце.

 

Здаецца, што для іх, як здзек,

Стаяць «з вадой у роце».

Стаяць вось так вось з веку ў век

У бронзавай самоце.

 

І побач я іду калі,

Іх заклікаю ў голас:

— Хадзем па роднай вам зямлі,

Купала, Пушкін, Колас...

 

Каб быў, напрыклад, помнік мой,

Я б з п’едэстала рушыў —

Мой помнік у душы маёй

Сямейны — дзевяць душаў.

 

Душа — ні камень, ні метал,

Яна мацней, без зносу.

У ёй для ўсіх нас п’едэстал

З уласных нашых лёсаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.