epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Помста

Антось — кавалер, хоць куды,

На ўсю вёску.

Дзяўчат у якой —

Не злічыць было іх.

Ды сэрцам ён бачыў

Адну толькі Зоську,

Хоць вочы Антосевы

Бачылі ўсіх.

 

Хто быў малады,

Кожны марыў аб шлюбе,

Бо й хлопцаў у вёсцы

Было не злічыць

Збіраліся шумна

Ў нядзельку у клубе,

Спявалі і танчылі —

Жыць значыць жыць.

 

Усе між сабой

Зацікаўленасць мелі,

Праз погляды,

Жарты,

Ўздыханні,

Намёк.

Тут хтосьці кагосьці

Трымаў «на прыцэле»,

А хтосьці да шлюбу

Рабіў першы крок.

 

З тых «першапраходцаў»

Карціла Антосю

Быць першым між першых,

На зайздрасць усім.

Хацеў ён за жонку

Узяць сабе Зосю

Вуглом абзавесціся

Марыў сваім.

 

Ды маці паўстала,

Уторыў ёй бацька:

— Ад слыхаў упартых

Не дзецца нідзе,

Яшчэ семразова

Адмерай, дзіцятка,

Пра Зоську па вёсцы

Гамонка гудзе.

 

Ці будзеш ты, сын,

Ёй ад Бога каханым,

Ці лаянка будзе

Між вамі і крык?

Збіралася ж Зоська

Да шлюбу з Сцяпанам,

Ды ён нечакана

Скруціўся і знік.

 

Пра гэта Антось ведаў сам,

Як і кожны,

Пра ўсіх ведаў лепей,

Чым справы свае.

Антось,

Хоць разважлівы быў,

Асцярожны,

Ды Зоську кахаў —

Клінам свет без яе.

 

Дзе два ёсць, вядома,

Што лішні там трэці,

На сэрцы у Зосі

Сумненняў пячаць.

А дзе той Сцяпан?

Дзесь бадзяецца ў свеце,

А ёй што?

У дзевах старых кукаваць?

 

А тут ёсць Антось,

Запрашае да шлюбу,

Ў яе да яго —

Некахання сцяна.

Антось хоць станоўчы,

Ды зніклага згубу —

Сцяпана употай

Кахала яна.

 

Такія адвеку

Дзявочыя лёсы,

Якія у многім

Хлапечых не горш.

Іваны,

Дзям’яны,

Сцяпаны,

Антосі —

Надзелі штаны,

Вось і ўвесь іхні форс.

 

Ды добра, калі у штанах,

Ды цвярозы,

А іншы без меры

Мазгі адап’е.

З такім паспявай

Выціраць толькі слёзы,

Дык мала таго —

Ізгаляецца, б’е.

 

Усё пракруціла

Ў мазгах сваіх Зося —

Ды чорт з тым каханнем —

Зноў лёсу пячаць.

Антось гаспадарлівы,

Супраць Антося

Язык не павернецца

Слова сказаць.

 

*

І вось урачыстасць

Вяселля святога!

Які гэта клопат

І гонар бацькам.

Вянчанне ў царкве

І ухвальванне Бога —

Абрад традыцыйны,

Вядомы вякам.

 

А коні якія!

Гарачыя коні!

Нібыта анёл іх

На крылах панёс.

За многія вёрсты

Чуваць быў гармонік,

А шчасце было на ўвесь свет,

Да нябёс.

 

Званочкі з дугі

Заліваліся звонней

За ўсе што ні ёсць

Божых Храмаў званы.

І вецер адстаў

Ад акрыленых коней,

Ад шлюбам народжанай

Гэтай вясны.

 

Вяселле —

Падзея падзеяў у лёсе.

Ледзь стрымліваў

Свята пачуццяў Антось,

Была засяроджана-стрыманай

Зося,

Нібыта сыйшла

Ад яе маладосць.

 

Сцяпан у мінулым,

Яму гора мала,

І позна вышукваць,

Чыя тут віна.

Паколькі ў царкве

Яна крыж цалавала,

Прад Богам

Антосева жонка яна.

 

А коні якія!

Не коні — маланкі!

Адкуль толькі браліся

Сілы у іх?

Нібыта сюды,

Да вясельнага ганку,

Сам Бог ад царквы

Прыімчаў маладых.

 

А тут сустракаюць

Бацькі урачыста,

Глынуўшыя, пэўна,

Не раз валідол.

І шумна, пад акампанемент гарманіста,

Ўсе рушылі

За маладымі за стол.

 

Застольны канон —

Традыцыйны і просты,

Ў асноўным адно —

Каб сямейны быў лад,

Дарункі гасцей,

Віншавальныя тосты,

І «горка» — дзе трэба,

А дзе — неўпапад.

 

Вяселле адкрыта для ўсіх,

Не ў сакрэце,

Ўся вёска тут зычыць

Дабра маладым.

І як жа без іх?

Тут падлеткі і дзеці

Ля вокнаў расчыненых

Сочаць за ўсім.

 

Кілішкі звіняць за сталамі,

Гаворка,

І жарты,

І песні,

І крыкі — «Да дна!»

Раптоўна штосілы,

Хтось выгукнуў: «Горка!»

З-за спін маладых,

Са двара,

З-за акна.

 

Вясельны сціх тлум,

Госці быццам абмёрлі,

Антося —

У жудасны кінула пот.

Застылі усе,

Нехта з закуссю ў горле,

А нехта,

Гарэлкі набраўшы у рот.

 

Стаяў за акном

Той, хто знік нечакана,

І гэтак раптоўна

З’явіўся ізноў.

Як прывіда

Ўбачыла Зося Сцяпана —

Ударыла ў сэрца

Гарачая кроў.

 

Ускочыла Зося,

Нібыта ў тумане,

Яна цяпер бачыла

Толькі адно.

Амаль беспрытомная,

З крыкам: — Сцяпане!

Падраненай птушкай

Далася ў акно.

*

О лёсы людзей...

Чалавечыя лёсы...

Не першы я

Гэтую тэму трасу.

Вы скрыўлены,

Як ад няўмекі пракосы,

Які ўпершыню

Ўзяў у рукі касу.

 

Бывае, што гнуты пракос

Не удасца

Ні выправіць

І ні пракласці наноў.

Вось так і пакутуем

З нечае ласкі,

Ў абдымках сваіх

Неласкавых гадоў.

 

*

Антось успрыняў

Сэрцам тое балюча,

Калі Зося збегла

З другім з-за стала,

Схапіўшы прылюдна

Па мызе анучай,

Хоць пляма той ганьбы,

На Заську лягла.

 

Антось вольны час

Ў адзіноцтве марудзіў,

Не мог з галавы

Выгнаць думак слату.

Цяпер лішні раз

Не выходзіў на людзі,

А Зосю зусім

Абмінаў за вярсту.

 

Заглыбіўся ён у сябе і замкнуўся,

Пакутваў штодня

За чужую віну.

Аднойчы Сцяпан

Штосьці мовіць памкнуўся,

Антось прэч пайшоў,

Паказаўшы спіну.

 

А час, ён карае,

Ды ён жа і лечыць,

І краскі цвітуць,

Перажыўшы зіму.

Антось апрытомнеў

І выпраміў плечы,

Гады маладыя

Спрыялі яму.

 

Сям’ю збудаваў ён,

Спаткаўшы каханне,

Адчуў, як раней,

Ад жыцця дабрыню.

Ўздыхнуў ён мінуламу

На развітанне,

Затым усміхнуўся

Наступнаму дню.

 

*

Шыбуе жыццё —

Ці смяёмся, ці плачам,

Не будзе ж на нас

Азірацца яно,

На нашы удачы,

На нашы няўдачы,

Тым больш на падзеі,

Былі што даўно.

 

Жыцця не дагнаць,

Калі час быў праспаны,

Такое не ведаць

Лічылі за грэх

Ў сям’і у Антося,

Ў сям’і у Сцяпана,

Ім узнагародай

Дзіцячы стаў смех.

 

Іх час прымірыў,

Ўтаймаваліся крыўды —

Канчаецца ноч,

Надыходзе святло.

Зноў сэрцы

Для добрага слова адкрыты,

Між імі нядобрага —

Як ні было.

 

І дзеці бацькам

Наступаюць на пяты,

Было так і будзе —

Старэюць бацькі.

У Зосі з Сцяпанам —

Дачушкі-дзяўчаты,

У Крысці з Антосем —

Растуць дзецюкі.

 

Гады —

То уверх, то уніз,

Як арэлі,

Як бурная плынь

Незнаёмай ракі.

Зноў некага хтосьці

Трымаў «на прыцэле»,

А нехта да шлюбу

Імчаў напрасткі.

 

*

Старэйшы з Антосевых хлопцаў,

Мікола,

Прыгожы —

Як кажуць, здалёку відаць.

Аб шлюбе не думаў ён,

Скончыўшы школу, —

Спачатку ў салдаты, а там...

Што гадаць?

 

Быў ён, у дарозе да мэты,

Настырны,

Да гэтага —

Хлопец ні курыць, ні п’е.

Яго называлі

Валетам казырным

Якога, пры выпадку,

Туз не паб’е.

 

Пра бацькаву,

Першага шлюбу асечку

І вухам не чуў,

Пра падзей даўніну.

Ды доўгі язык нечы

Вымеў з-за печку,

Як смецце, пра продка канфуз —

Навіну.

 

І ў вушы Міколу увёў,

Як атруту,

Запоўніўшы гэтым

Пляткарства прабел.

І хлопец

Мяняе паводзіны крута,

Й раптоўна

Алену «бярэ на прыцэл».

 

Алену,

Дачушку Сцяпана і Зосі,

Раней да якой,

Зацікаўленасць — нуль

«Адкуль што раптоўна

У хлопца ўзяліся? —

Гадалі бацькі двухбакова, —

Адкуль!»

 

Алена — ў разгубе,

Бацькі — ў хваляванні.

Праз тэрмін кароткі,

І болей таго —

Мікола Алене

Прызнаўся ў каханні...

(Ідзі разбярыся тут,

Што да чаго.)

 

Тым больш, што была

Для разгубы прычына,

Бо бачылі ўсе,

І Алена не раз —

У сэрца Міколу

Другая дзяўчына

Заскочыць хацела,

Чакала свой час.

 

Вучылася

Разам з Міколам Таццяна,

За партай адною

Сядзелі яны.

Тады мець свякруху

І ёй было рана,

Да цешчы і ён

Не спяшаў на бліны.

 

А сёння —

Чаму бы і не?

Паўналецце!

Чаму б не памарыць

Таццяне тайком?

Ці ж мала ёсць

Маладажонцаў у свеце,

Якія са школы —

У ЗАГС праміком.

 

*

Мікола з Таццянаю

Вёў сябе роўна,

Размовы нейтральныя —

Тое ды сё.

Ён зваў яе жартам —

Таццяна Пятроўна,

Павагу падкрэсліваў гэтым —

І ўсё.

 

Хаця заўважаў

Прыгажосць яе, зграбнасць

І іншыя якасці —

Сціпласць,

«Без мух».

Ці ж мала дзяўчат ёсць у вёсцы

Прывабных?

А ў свеце іх колькі!

Захопіць аж дух!

 

Паспеецца выбраць.

Ўсяму свае святы,

Надыдзе той час,

Калі ўсё па плячу, —

Так думаў ён,

Халасцяковец заўзяты,

І раптам узрушыўся:

— Мама і тата!

Усё я узважыў —

Жаніцца хачу!

 

Збялелі бацькі,

Як ад весткі страшэннай:

— З кім, сынку?!

О Божа!

З кім зблытаў сынка?

Мікола спакойна агучыў:

— З Аленай!

Вядомых

Сцяпана і Зосі дачка.

 

— Якая Алена? Якое жаніцца? —

Узвылі бацькі, паглыбляліся ў шок. —

О праведны Божа!

Святая Царыца!

Ты ж восенню

Ў армію пойдзеш, сынок!

 

Мы супраць Алены

Не маем нічога,

Але ў тваім сэрцы

Не бачым яе.

А ў сэрцы без любай

Шмат месца пустога —

Ды кінь ты, Міколка,

Задумкі свае!

 

Мікола ж стаяў на сваім,

Хаця маці —

У слёзы, у крык

І да Бога ізноў.

— Вяселлю ўсё ж быць!

І ў Сцяпанавай хаце!

Апошні мой сказ —

Засылайце сватоў!

 

*

Зноў коні імчалі з царквы,

Нібы вецер,

Ды вецер адстаў сарамліва —

О здзек!

Алена была

Найшчаслівай у свеце,

Яна неўспадзеўкі

З Міколам навек.

 

Уцерла ўсім нос,

Асабліва Таццяне,

Вось гэта узлёт!

Шанцавання узор!..

О коні-маланкі!

Як прывіды, здані!

Былі толькі тут —

А ўжо хата і двор.

 

І зноў каля ганку

Бацькі рытуаляць,

Усё, як калісьці,

Паўторна цяпер.

І за маладымі

Ў застолле ўсе валяць,

Каб зычыць,

Адорваць,

Заліць за каўнер.

 

Шчаслівыя Зося,

Сцяпан і Алена,

Крысціна з Антосем...

А як малады?

І ўсё-ткі Антось,

Нібы весткі страшэннай,

Вяселля чакаў

Ў прадчуванні бяды.

 

Ён сэрцам адчуў —

Сын задумаў благое,

З зусім некаханай

Да шлюбу йдучы.

І змрочныя думкі

Тыранілі роем

І сэрца, й душу,

І жыццё, хоць крычы.

 

Раптоўна у памяці

Ўсплыў шлюб ягоны,

Калі за сталом

Ён застаўся адзін.

А што, калі

Кроўнаю помстай натхнёны,

Паўторыць

Ганебную выхадку сын?..

 

Антося вярнула

Ў рэальнасць застолле,

Дзе быў маладымі

Асветлены кут,

Кілішкавы звон

Мітусіўся пад столлю —

Антось апрытомнеў:

Навошта я тут?

 

Тут гаркнулі госці

Вядомае «Горка!»,

А хтось закрычаў:

— Пасля «горка» да дна!..

Ці ўзыйдзе над шлюбам

Шчаслівая зорка,

Ці хліпне нясмела

І згасне яна?

 

Зноў «горка» гучала,

Як заклік вясёлы,

І «горка» адчула

Сябе ў цеснаце.

Алена

Крутнула свой твар да Міколы

І стала ля мужа

Ў вясельнай фаце.

 

Падняўся й Мікола —

Два твары насупраць,

І зычна сказаў,

Каб пачулі усе:

— Няхай будзе горка!

Я сёння не супраць!

Няхай яно нам

Асалоду нясе!

 

Крычыце мне «Горка!»,

Бо я закаханы,

Таму маё сэрца

Салодкае п’е.

Затым падыйшоў да гасцей,

Да Таццяны

І моцна абняў

З пацалункам яе.

 

— О як жа салодка з табой,

Мая панна! —

Усклікнуў Мікола,

Наліўшы праз край. —

Дык вып’ем і пойдзем

З табою, Таццяна, —

Бывай, невясёласць вяселля!

Бывай!

 

*

Што можа быць горай —

У вёсцы быць госцем,

Калі людзі пальцамі

Пораць услед?

Такое адчулі

Крысціна з Антосем,

І сын іх Мікола —

Казырны валет.

 

Бацькі на Міколу

Усселі адразу ж:

— Ты Лену ўчарніў

Без ніякіх прычын,

Сцяпана і Зосю,

Сям’ю іх зняважыў,

Ды больш за каго,

Ты зняважыў нас, сын.

 

Ты здзекамі,

Нібы нагамі узлазіў,

На сэрца дзявочае —

Ганьба, сынок.

Ты святасць —

Царквы блаславенне абразіў.

Ці ж можна такое ўтвараць?

Як ты мог?

 

Мікола прыцішана

І асцярожна

Агучыў,

Нібыта ў былое пароль:

— А ім!

Ім абразіць цябе

Было можна?

Няхай яны, тата,

Адчуюць твой боль.

 

Антося падкінула:

— Во пакаранне!

Ды Зося іначай

Зрабіць не магла!

Бо ёю тады

Кіравала каханне —

Ці ж птушка у неба

Ўзляціць без крыла?

 

Няправільна —

Жыць паасобку каханым!

Ўсвядомь гэта,

Сынку,

Міколка,

Дзіця.

Я быў бы між імі,

Між Зосяй, Сцяпанам,

Пакутай ганебнай

Да скону жыцця.

 

Уставіла маці:

— Дзе сорам свой дзену?

Затым уздыхнула:

— Эх сын-абалдуй...

І чым жа Таццяна

Так лепш за Алену?

Й Алена нябрыдкая —

Вочы разуй.

 

Мікола, відаць было,

Думкамі крочыў

Туды, дзе вянчанне было,

Ў Божы Храм.

— І мне, мама,

Сорамна глянуць у вочы

Алене,

Вяскоўцам,

Бацькам яе,

Вам.

 

Я й сам зразумеў,

Што Алена не горай

За Таню,

За іншых вясковых дзяўчат.

Душа у яе,

Як вясна, прад каторай,

Любы́ расцвіце,

Нібы траўневы сад.

 

І погляд яе

Маё сэрца узрушыў,

Ласкавыя вочы —

Як зоркі яны.

А я сябе помстай

Учора раз’юшыў,

Распусце даў волю,

Які я дурны!

 

А Таня...

Разлік мой

Для помсты быў тонкі.

Яна...

Пацалунак...

Мая ўсё віна...

Абняў бацька сына:

— Ідзі, сын, да жонкі,

Ідзі, павініся —

Даруе яна.

 

*

Стаптанае шчасце,

Разбітыя сэрцы,

Як водгук падзей,

Адгучаўшых даўно...

Жыццё — не паяц,

А чаму ж так смяецца

Над жорстка разбітым

Каханнем яно?

 

Нярэдка,

Заблытаных лёсаў разора —

І колас пад корань,

Не толькі траву...

Мікола па вёсцы вяртаўся

Ва ўчора,

Да жонкі

Павінную нёс галаву.

2018


2018

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.