epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пост

Ад грахоўнай стравы тлустай

Вызвалю сваё жытло.

Накіслю душу капустай

Аж па першае чысло.

 

Буду піць ваду і сокі,

Бульбіну мачаць у соль.

У цямнюткі кут далёкі

Адфутболю алкаголь.

 

Рыбнага — дый то паўжменькі,

Прэч, тарты! — падцісну хвост.

Буду стрымліваць памкненні

Грахаўныя — пост дык пост.

 

Маю мару на прыкмеце,

Мёд яна ў душу ліе:

А, магчыма, на тым свеце

Спішуцца грахі мае.

 

Кепска векаваць без веры,

Хоць — бывай і пад трамвай.

Раптам хтосьці — грук у дзверы,

Госці ў хату — налівай!


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.