epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Повязь з мінулым

Частка першая. НОВАЯ ЗЯМЛЯ
Частка другая. ГІСТОРЫІ ЧАСЦІНКА


Частка першая. НОВАЯ ЗЯМЛЯ

Па баразне сахі іду «ў пяту»,

На нейкіх сто гадоў назад вярнуся,

Прайду з пашанай кожную вярсту,

Прайсці іх давялося Беларусі.

 

Вялікае відаць глыбей здаля,

І Беларусь, з сучаснасцю сам-насам,

Без алегорый — новая зямля

У параўнанні з «Коласавым» часам.

 

Прывыклі мы, даўно не дзівіць нас

Час нашых дасягненняў дзіўна-новы,

Сучасны, звышагратэхнічны час,

Час суперпрагрэсіўны, навуковы.

 

Вось вам гады...

Мінула нейкіх сто,

А мы ўжо тлуста надзімаем шчокі —

У кожнае сям’і сваё аўто,

Камп’ютар, тэлевізар, мотаблокі.

 

Імчыць нас па жыцці жыцця кураж,

Мы калясім, завоблачна лятаем.

І нас не дзівіць нават гонар наш,

Што ў космасе свой спадарожнік маем.

 

Што ў свеце маем свой пачэсны шлях,

Што рух наперад — гэта гімн рабоце.

Наш хлеб расце на нашых мазалях,

І ўвесь наш дабрабыт — на нашым поце.

 

А дзеці сёння! На руках нясеш,

Як самы дарагі жыцця дарунак:

— Вось гэта пакаштуй!

— Вось гэта з’еш!

— А гэта смакацішча!

— Тут — ласунак!

 

Адзеннейка на іх, як канфеці —

Шматкаляровасць вопраткі — вясёлка!

Зімой не трэба за шмат вёрст ісці:

Садок — пад бокам,

Праз дарогу — школка.

 

Расціце толькі — шчасце поруч вам,

Жыцця паветра хутка вас уздыме

На гонар татам і на радасць мам

І, безумоўна, на карысць Радзіме...

 

А вось яшчэ — дзяўчаты, юнакі:

Гіпотэзы, сімпозіумы, спрэчкі —

Вясновых вод бурлівых ручайкі,

З якіх складуцца будучыні рэчкі.

 

І кожны выбірае самахоць

Свой шлях жыццёвы — творча, працавіта:

Вунь дзверы ўсе расчынены — заходзь!

А колькі мэтаў вунь — жыццё адкрыта!

 

Вам кожны дзень штось новае нясе,

Камп’ютар, Інтэрнэт — для вас, як лекі.

Для вас у вольны час — тэатры ўсе,

Музеі, вернісажы, дыскатэкі.

 

І тут не голад, і не холад тут,

Ды і адзенне па апошняй модзе.

І кожны мае свой прытулак-кут,

Жыве не горка, хай сабе, не ў мёдзе.

 

Такая НАША новая зямля,

Жыццё на ёй і мы — усё тут нова.

І мне карціць здалёку, спакваля,

«Зямлі» дзве параўнаць невыпадкова.

Вяртаўся я па баразне сахі,

Каб з тых сівых часоў падаць свой голас,

Ды перадумаў... Тут пішу радкі,

Бо апісаў той час Якубе Колас.

 

Ды апісаў цікава, да драбніц

Свой твораў твор — ён нам, як запрашэнне,

Каб мы маглі напіцца з тых крыніц

І ўглыб сваёй зямлі пусціць карэнне.

 

Каб нашы дзеткі, моладзь, усе мы,

Адчуўшы боль пакутаў тагачасных,

Абралі шлях больш светлы, больш прамы,

Без хібаў штучнаствораных, уласных.

 

Я сёння ТУТ жыву, і я люблю,

Усё і ўсіх, з кім звязаны да скону.

Люблю Радзімы новую зямлю,

Як маці, як святыню, як ікону.

 

Таму люблю, што сцежкі прывялі

Мой род, мой лёс у гэты свет вялікі

Ад той пакутнай «Новае зямлі»,

Ад Міхася, Антоні, ад Хадыкі.

 

І сумна мне... Не проста сумна — жуць

Ад думішчы, што юнакі, дзяўчаткі

Новазямельцаў Коласа мінуць

І «Раніцу ў нядзельку», і «Начаткі».

 

Ім, сённяшнім, ляснікерсным, няўцям,

Хоць прачытаюць, хоць у лоб ім стрэльні,

Як не дадуць мужчыны рады там

Адной, апошняй шкварцы на патэльні?

 

О не, мы ўсе без Новай той Зямлі

Не зразумеем: Для чаго мы? Хто мы?

І як жа йсці наперад нам, калі

Нашчадку блізкі продак не знаёмы?

 

Не цяжка сёння дабрабыт хваліць,

Гасціць прыемна за сталом шыкоўным.

Адукаваным, сытым можна быць,

Пры гэтым, заставацца бездухоўным.

 

Імкнецца ў душы Інтэрнэт-быльнёг,

Нявечаць густ камп’ютарныя «глюкі».

Пасеем бездухоўнасць, не дай Бог,

А што пажнуць за намі дзеці, ўнукі?

 

Часовае не засяродзіць слых,

А застанецца вечнае нашчадку:

«Адзенне, ежа, грошы — як без іх?

А спадчына духоўная — спачатку».

 

Прашу на покуць!

Стол я засцялю

Словапытаннем горкім, не абрусам.

— Не прачытаўшы «Новую зямлю»,

Не зразумеўшы «Новую зямлю»,

Ці маем права звацца Беларусам?..

 

Частка другая. ГІСТОРЫІ ЧАСЦІНКА

Вядзе заўжды размову

З сучаснасцю былое,

Ды не заўсёды слова

Кранае за жывое.

 

Жыве сучаснасць шумна,

Бруіць, гудзе, лятае.

Былое ж, як ні сумна,

БЫЛЬнёгам зарастае.

 

Сучаснасць — голле, лісце,

Мінулае — карэнне.

Ці прарасце калісьці

Ўзаемаразуменне?

 

Сучаснасць — мы, жывыя,

Былое — нашы продкі

І ўсе падзеі тыя —

Былога аднагодкі.

 

Ў былым — і рукатворнасць,

І скарб духоўнай працы.

Ў былым — стагоддзяў торнасць

І мудрасці палацы.

 

Але й сучаснасць — дока.

Нясе «ума палату»,

Узнеслася высока —

Куды таму Сакрату!

 

Такая вось «размова».

Але праз год, стагоддзе,

Сучаснасць паступова

Ў мінулае пяройдзе.

 

Ад часу й мы залежны —

След за юнацтвам — сталасць,

А сталасць непазбежна

Адчыне дзверы ў старасць.

 

Паспела нарадзіцца

На свет дзіця малое,

Жыццё, як бліскавіца —

Народзіны...

Былое...

 

* * *

Час вельмі асцярожна

Свае спраўляе ролі.

Былое ведаць можна,

Адчуць яго — ніколі!

 

Рым...

Троя...

Подзвіг Ноя...

Час рабства...

Сцяг свабоды...

Гісторыя — на тое,

Ды зразумець былое

Даецца не заўсёды.

 

Дослед — цяжкая праца,

Не ахапіць наскокам.

Нам хоць бы разабрацца

З тым, што «пад самым бокам».

 

...Прыйшоў з вайны мой тата,

Ды й тут бяда паўстала —

Згарэла вёска, хата —

Вайна закатавала.

 

Выкопвалі зямлянкі

Ў апаленай зямельцы,

І з дзецьмі ў «кратавянкі»

Жыць лезлі пагарэльцы.

 

Тады — гэта рэальнасць,

Гаротнасці стасункі.

А сёння — незвычайнасць,

Фантастыка, прыдумкі.

 

Сучаснае юнацтва —

Еш хлеб, цукерак горы:

— Што гэта за жабрацтва?

— Адкуль галадаморы?

— І што за «звер» шайморы?

 

Лягчэй у інтэрнэце

Час бесклапотна бавіць.

— Што? Жах гуляў па свеце?

— О, гэта не цікавіць!

 

— Цары?

— Паны, як скулы?

— Канцлагеры?

— Ахвяры?

— Ну й што? Яно ў мінулым!

— Абрыдлі тары-бары!..

 

Ў бяспамяцтва раптоўна

Крутнулі перамены.

Ці помнім род свой кроўны?

Ўсяго два-тры калены.

 

У яму ўпасць — не нова,

Цяжэй вылазіць з ямы.

На жаль, недастаткова

Ні школьнае праграмы,

 

Ні ведаў па загаду —

Прымус, хутчэй, адвадзіць.

Мо сэрца дасць параду,

Як дыялог наладзіць?

 

Дык дзе адказ?

Дзе выйсце?

Дзе ўзяць дзівос-насенне,

Каб вырасла калісьці

Ўзаемаразуменне?

 

Каб нас не паглынула

Сляпой нажывы багна,

Каб кожнага цягнула

Да лёсу продкаў прагна?

 

І крок, няхай і дробны,

І кропелька-хвілінка,

І кожны лёс асобны —

Гісторыі часцінка.

 

Жывецца нам заможна,

Ёсць хлеб, яшчэ й — да хлеба.

Адчуць былое можна,

Была б у ім патрэба.

 

* * *

Зірнуць на лёс «агулам»

Не дасць сумлення вока.

Душой я у мінулым,

Сучаснае — далёка.

 

Хто я ў сучасным? Знічка.

Я — плоць... пакуль, жывая.

З мінулым пераклічка

Мне сэрца раздзірае.

 

Там — большасць сэрцу родных

Людзей, падзей шчымлівых.

Там — шмат гадоў галодных,

Затое больш шчаслівых.

 

Тут можна жыць разгульна,

Час бавіць шчыра, штучна.

А мне ў былым утульна,

Душы там больш спадручна.

 

Мы ўсе адтуль — з былога,

Ад першых нашых крокаў.

Мы ўсе туды — да Бога,

Да продкаў, да вытокаў.

2012


2012

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.