epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Позна ці рана

Я стаю на зямлі,

Як апошняя веха,

Нібы слуп верставы,

А далей — ні вярсты.

Я мінулых падзей

Непачутае рэха,

А навокал туман

Адзіноцтва густы.

 

Як няпрошаны госць,

Я стаю і дзіўлюся

Нібы арыенціры

Згубіў блудны сын.

Я аддаў сваё сэрца,

Жыццё Беларусі,

Ўсё да кроплі аддаў,

А чаму я адзін?

 

Значыць Богам такое

Мне наканавана —

Хто ж калі адцураўся

Ад лёсу свайго?

Пэўна, я у жыцці

Паявіўся зарана,

А, магчыма, запозна

Прыйшоў у яго.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.