epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пра сяброўства

Жыў на свеце Лёд. Жыў, як кажуць, не тужыў. Але аднойчы востра адчуў адзіноту і сум.

— Эх, пасябраваць бы з кім-небудзь! — уздыхнуў Лёд.— А з кім?

Непадалёк жыў Агонь. І ён аднойчы адчуў сум і адзіноту.

— Эх, як не хапае сябра! — страпянулася полымя Агню.— А вунь жа Лёд! Ура!

Агонь наблізіўся да Лёду і прапанаваў:

— А давай сябраваць! Сумна аднаму.

— І мне сумна,— адказаў Лёд.— Лічы, што мы — сябры!

Але нічога агульнага не магло звязваць Лёд і Агонь. Нават гаворка ў іх не атрымлівалася — настолькі яны былі розныя. Як было ім сумна паасобку, так засталося і падчас іх «сяброўства». Нічога не змянілася.

Хаця не! Ад блізкасці Агню, Лёд пачаў паступова раставаць. І настолькі гэта таласць набыла сілу, што Лёд ператварыўся ў ваду і заліў свайго «сябра».

Не стала Лёду, не стала і Агню...

Аказваецца, не варта штучна ссяброўвацца з некім толькі таму, што табе сумна.

 

*

Павук саткаў сабе новую павуцінку між галінак дрэва, з асалодай улёгся на ёй і пачаў чакаць... А раптам хтосьці — якая-небудзь Мушка, Мошка ці Матылёк ублытаюцца ў яго лавушку.

Пралятала міма Муха-весялуха. Яна своечасова заўважыла небяспеку і абмінула павуцінку.

— Стой! Стой! — закрычаў ёй Павук.— куды ж ты? Вярніся!

Муха крутнулася назад і села на галінку побач з павуціннем.

— Што здарылася? — спыталася яна ў Павука.

— Як што? — ажно падскочыў Павук.— Ты ж глянь, які я сплёў гамачок! А як прыемна на ім пагойдвацца ды люляцца. Бачыш?

І Павук пачаў раскалыхваць сваю павуцінку, як арэлі:

— Глядзі! Уверх-уніз, улева-ўправа. Любата! Скачы да мяне, я цябе бясплатна пакалыхаю.

А можна, пры жаданні, ціхенька ляжаць на маім гамачку і марыць.

Ні ў водным парку адпачынку няма такіх цудоўных арэляў. Гушкі-гушкі, для Мухі-весялушкі! Ляці да мяне, Мушка, пасябруемся, весялушка. Ну?

— Ага, хітранькі! — замахала лапкамі Муха.— гаворыш ты салодка, але горка мне будзе ад твайго сяброўства. Бывай!

І Муха-весялуха ўзмахнула крылцамі — толькі Павук яе і бачыў...

Як добра, калі хтосьці з хлопчыкаў ці дзяўчынак, своечасова заўважаюць небяспеку ў паводзінах ці гаворцы сваіх знаёмых і не трапляюць у павуціну іх «сяброўства».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.