epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Праблемы

Жыць немагчыма без праблем

І суб- і аб’ектыўных —

Ці так я сплю?

Ці тое ем?

Пасіўны я?

Актыўны?

 

Я ж нежанаты —

Мушу я

Жыць харчам выпадковым.

Вось каб была ў мяне сям’я,

Я б жыў на ўсім гатовым.

 

Жаніўся я!

І мой ты Бог!

Што нарабіў дурны я?

Бо ад праблемаў я знямог,

Душа і цела ные.

 

Кладуся спаць —

Пазней пары,

Ўстаю —

Цямнютка неба.

То дзецям «нешта» падцяры,

То жонцы «штосьці» трэба.

 

Яе язык —

То ў гвалт, то ў крык,

Нястомна плешча й плешча.

Да жонкі я крыху прывык,

Ды горш за воцат цешча.

 

Яна крычыць,

Аж стогне дах,

Аж сам душой галосіш:

— Ты жонку носіш на руках,

Чаму мяне не носіш?

 

Праблема —

Як без грошай жыць,

Страсаючы капейкі?

«Без грошай жыць —

Як набяжыць»,

Прыдумаў дурань нейкі.

 

Ёсць грошы!

Зноў праблема?

Так!

Ой, цяжка нам патрафіць,

Бо ціснем грошыкі ў кулак —

Як лепей іх патраціць?

 

Праблема —

Кніжку выдаць мне,

А выдаў — рэч святая.

Праблема й потым не міне —

Хто кніжку прачытае?

 

А не чытаюць —

Страх які!

Праблемы тут не бачу,

Мяне б даўно на Салаўкі

Цэнзурнік замантачыў.

 

Праблемы ёсць

Ці іх няма —

У нас саміх праблема.

Сабе мы —

Воля ці турма,

І ні пры чым сістэма.

 

Праблемаў воз —

Не пацягну,

Бяда для чалавека.

Эх, пяць разоў

Па сто кульну —

І на праблемы — века.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.