epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Праблемы і «настаўнікі»

Чаму чалавецтва,

Загнаўшы у пастку сябе,

У штучную пастку,

Якую стварала адвеку,

Шукае не выйсце з яе,

Не рашэнне праблем,

А множыць іх колькасць,

І тым гэты жах паглыбляе?

 

Чаму «дэмакраты»

З цывілізаваных краін

Свой шлях прапануюць другім,

Як адзіна-узорны?

А самі на гэтым шляху

Спатыкаюцца — ногі ў крыві...

Не сохлі й спрадвек іх шляхі

Ад крыві чалавечай.

 

Вучыцца самім?

Не!

Прасцей ўсё-ткі іншых вучыць.

Як робіць, напрыклад,

Ці з Англіі сэр,

Ці нямецкая фрау.

Магчыма, таму чалавецтву

Праблем не злічыць,

Што над чалавецтвам —

Яны,

«Настаўнікі» іншых,

Хто лічыць праблемы другіх

За забаву.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.