epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Працяг жыцця

Сяргею Грахоўскаму

 

Прабіўся парастак з зямлі

Пад векавой страхой зялёнай,

Бо дрэвы навакол былі

З раскідзістай цяністай кронай.

 

Пакутваў парастак пад ёй

Штодзень, штоноч — і так бясконца.

Галінкай кожнаю сваёй

Цягнуўся гэты лес да сонца.

 

Смакталі вільгаць карані,

Кара таўсцела і грубела.

Зусім загінуў бы ў цяні

Той кволы парастак нясмелы,

 

Ды сярод дрэў было адно

З цяжкім мінулым і славутым —

Заўважыла ў цяні яно

Малога парастка пакуты.

 

І дрэва голле развяло,

Зірнуўшы ўніз: — Жыві і помні!..

І парастак адчуў цяпло,

Нырнуўшы ў сонечныя промні.

 

...Я, пачынаючы паэт,

Як парастак у цемры кволы,

Зірнуў аднойчы ў творчы свет,

Бо сэрцам ты сагрэў мне творы.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.