epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Працоўны дух

Старшыня калгаса на нарадзе

Разгубіўся, згорбіўся, патух:

— Гаспадарка наша ў заняпадзе,

Як і чым падняць працоўны дух?..

 

— Як падымеш? — брыгадзір мармоча,—

Людзі грошы бачаць толькі ў сне.

Хто ж за «дзякуй» працаваць захоча

У гразі па вушы, у ...?

 

Заатэхнік ледзь падняў павекі,

Бо ў куточку прыдрымаў, як кот.

— У мяне на ферме — тры калекі,

І узрост агульны — дзвесце год.

 

Добра шчэ, што гэтыя бабулі

Покуль паслухмяныя, «без мух».

Хто б даіў Рагулі ды Красулі?

Вось вам і увесь працоўны дух.

 

Чуем і заггара-небараку:

— Паліва паўгода на нулі...

У мяне у кожным бензабаку,

Пэўна, мышы гнёзды павілі.

 

Тут «прафкам» запальна і бадзёра

Заключыў: — Таму не страшны чорт,

Той жыве упэўнена, без гора,

Хто гуляе ў тэніс — мае корт!

 

— Што за корт? — усе раптоўна ўсталі.

Зноў рагоча прафсаюзны бог:

— Як жа безнадзейна вы адсталі!

Гэта ж модна... для мазгоў і ног.

 

Вось глядзіце: з мячыкам паскачаш —

Будзеш потым працаваць за двух,

Дый спартсмен ад цяжкасцей не плача:

У здаровым целе — моцны дух!

 

Старшыня калгаса ўсіх спыняе:

— Грэх маёй застойнай галаве!

Кіраўніцтва ж гэты мяч ганяе

Сапраўды: і ў Мінску, і ў Маскве.

 

Адкладзем у бок плугі і вілы,

Пасяўную правядзем пазней,

Сабярэмся і з апошняй сілы

Пабудуем корт — як у людзей.

 

* * *

Дні насталі іншага ўжо сорту,

Набылі рухавасць, мітусню —

Раніцай людзей вязуць да корту

«Памачыцца» ў свецкую гульню.

 

— Гэй! Кульгай за мячыкам адбітым!

— Дай ракетку!

— Выкусіў — ага?!

— Чорт яго, з тваім радыкулітам!

— Уставай, старая качарга!

— Ты куды, алкаш, свіное рыла?

Боты з гноем, а на корт залез!

— Сам ты доўбня! Пута ты! Дурыла!..

Гэта ж трэба — так шагнуў прагрэс!


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.