epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прачынанне

Я іду, нібыта ў першы клас

Урачыста на спатканне з ранкам.

Месяц саступіў святлу і згас,

Промнік з ранкам

распачаў гулянку.

 

Прачынанне — незвычайны час,

Быццам прывітанне з маладосці.

Месяц згас —

але імчыць да нас

Новае, хвалюючае штосьці.

 

Можна жыць,

як той казаў, на пяць,

Штосьці страчваць

і знаходзіць многа.

Можна шмат...

Ды толькі б не праспаць

Ні жыцця, ні ранку —

анічога.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.