epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прагнаны пегас

Пегас надакучыў паэту —

Выгульвай,

Вычэсвай,

Кармі.

Сказаў ён —

Не веру ў прымету,

Ў яго дапамогу — ні-ні.

 

Я сам і на талент багаты,

Пішу без яго, на самрэч. —

Пегас,

Яго сябар крылаты,

Прагнаны паэтам быў прэч.

 

Прагнаны

Няўдзячнасцю чорнай.

Забыўся паэт на таго,

Хто ноччу

загадкавай, зорнай,

Узнёс над зямлёю яго.

 

Як раніцай

Звонкай, вясенняй,

Калі прачынаўся ўвесь свет,

Узняў

Да вышыняў натхнення,

Дзе родзіцца кожны паэт.

 

Пегас

Для паэта стаў лішнім...

Цяпер жа паэт сапраўды,

Уносіў нязграбныя рыфмы

Й нязграбныя творы

«З вады».

 

Ён вобразнасць страціў

І ўдачу,

І цемру спаткаў сярод дня,

Змяніўшы бяздумна на клячу

Крылатага сябра каня.

 

Калісьці крылатыя вершы,

Цяпер у шуфлядзе,

Як хлам.

І ён, не апошні й не першы,

Нібыта ў шуфлядзе і сам.

 

Магчыма,

Уцяміць ён з часам,

Што вершы — не сродак забаў,

Што колісь прагнаў

Не Пегаса,

А з сэрца натхненне прагнаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.