epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прагнозы

Няўжо мы дажываем век —

Не, век не свой, а чалавецтва?

І спыніцца жыцця разбег

Ад прагназуемага бедства.

 

Прагнозаў шмат адкрыць змаглі

Вучоны свет і свет шаманны:

Канец жыцця — з глыбінь зямлі,

Самой зямлёй наканаваны.

 

Й другі прагноз вядзе не ў зман,

А напрарочвае сурова —

Устане дыбам акіян

І... нібы языком карова.

 

Канец жыцця — куды ні кінь,

І поўніцца пагрозаў чаша:

З касмічных далячынь-глыбінь

Імчыць да нас знішчэнне наша.

 

Між бедаў гэтых ёсць бяда,

Ёсць найжахлівы жах між намі,

Страшней, чым космас і вада,

Чым суперземлятрус — мы самі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.