epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прагрэс

У рэгрэса — шлях назад

Да пячоры, ў заняпад.

У прагрэса шмат шляхоў

Да вяршынь і да вярхоў,

Да звычайнасці лагічнай

І да мэты фантастычнай.

Праз вякі, нібы праз лес,

Да святла нас вёў прагрэс.

Ён — як сонейка над светам,

Але дзіўнае не ў гэтым.

Я для прыкладу вазьму —

Нейкіх сто гадоў таму:

Век — тэхнічны велікан,

Ён займеў аэраплан,

Перасеў з каня ў машыну,

На чыгунак каляіну.

Вымушаў той век дзівіцца,

Дый было чым ганарыцца.

Але звыштэхнічнасць тая

Сёння ўсмешку выклікае —

Век не выглядае дзіўным,

А няўклюдным, прымітыўным.

Век — храмы, як без нагі —

Дзе былі у іх мазгі?..

Уявіце, што стагоддзе

Праляцела, як па лёдзе,

Праімчала, як імгненне.

Сталі нашы дасягненні

Цьмянець і сцішаць разбежку,

Нават выклікаць усмешку

У наступных пакаленняў.

І вярталася здзіўленне

Зноўку на свае кругі:

Дзе былі ў нас мазгі?..

Так было, так ёсць, так будзе —

Новай будучыні людзі —

Разумней, вышэй, наўзлётку,

Адштурхнуўшыся ад продкаў.

З веку ў век прагрэс няспынны

Крочыць — так і быць павінна.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.