epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прамая дарога

Ішлі аднойчы са школы васьмігадовыя сябры Вова, Мікола і Алесь. Быў цудоўны восеньскі дзень, калі дрэвы яшчэ не скінулі сваёй шыкоўнай залачонай вопраткі. Дарога ад вёскі да вёскі была добра знаёмая, не адзін раз адмераная нагамі.

Раптам сябры спыніліся і здзіўлена пераглянуліся. Месца, дзе яны апынуліся, было незнаёмым. Дарога, па якой можна было з завязанымі вачамі крочыць ад дому да школы і наадварот, раптам зрабілася непазнавальнай і разбягалася ў трох напрамках. На раскрыжаванні ляжаў вялізны камень, на якім было штосьці напісана. Сябры наблізіліся да камня і з цяжкасцю прачыталі:

«Направа прыблудзіш, вучыцца не будзеш, налева падасіся, смакаты і ласункаў наясіся, а прама пойдзеш ... знойдзеш!»

Але далей, пасля шматкроп’я, не было ні слова. Узрушыліся хлопчыкі, захваляваліся:

— Чур, я направа пайду! — усклікнуў Вова,— Я больш за ўсё на свеце не люблю вучыць урокі. І хто іх толькі прыдумаў?

— Прабачце мне, сябры, але нікому не саступлю дарогу, якая вядзе налева! — Рашуча заявіў Мікола і палыкнуў слінкі,— Я вельмі люблю смакату і ласункі! Мне нават у сне есці хочацца.

— А што ж там, у тым «прама»? — пасля невялікай паўзы завагаўся Вова.— Цікава! Магчыма, там штосьці неверагоднае ды нябачанае намі?..

— А калі там Змей Гарынавіч ці Кашчэй Бессмяротны затаіўся? — запярэчыў Мікола,— толькі туды нос ткнеш, а яны тваю галаву — хрум! — і забудся, як цябе звалі. Не! Мяне не спакусяць ніякія там прыгоды — я выбраў смакату. Пакуль, пацаны, я пайшоў! — і Мікола рашуча падаўся налева.

— Ты прабач, Алесь, але і я пакідаю цябе,— павінаваціўся Вова і са злосцю зашпурнуў партфель з падручнікамі ў кусты.— Болей вы мне не спатрэбіцеся!

І Алесь застаўся адзін.

— Прама дык прама! — падбадзёрыў ён сябе і борзда пайшоў па прамой дарозе.

Ці доўга ішоў, ці не, а дарога яго прывяла...

Алесь вачыма сваім не верыў — ён без прыгодаў і дзівосаў, якія спадзяваўся ўбачыць на таямнічай прамой дарозе, прыйшоў дамоў, дзе яго як заўжды сустрэла маці. Алесь кінуў партфель з падручнікамі на лаву, супакоіў маці: «Мамачка, я потым паем!», а сам пабег да сваіх сяброў, Вовы і Міколы. Дзе яны? Што з імі? Але сябры былі ўжо таксама дома і беглі да Алеся, даведацца — дзе ён і што з ім?

Сябры сустрэліся на вуліцы, быццам і не расставаліся. Пачулася расчараванне:

— Вось табе «пойдзеш направа, пойдзеш налева...» Камень — нейкі манюка!

Больш за ўсіх абураўся Мікола:

— Дзе тыя ласункі? Дзе тая смаката? Я ўсю дарогу слінкі глытаў, усе вочы праглядзеў — нідзе ні цукерачкі, ні табе снікерса.

Тут Міколу гукнула маці:

— Сынок, Міколка! Ідзі хутчэй дамоў, я табе пірожных і цукерак у краме накупіла! Хутчэй!

— Ура! — закрычаў Мікола і яго нібы садзьмула ветрам.

Вова і Алесь здзіўлена пераглянуліся.

— Вось табе і камень-манюка,— выдыхнуў Вова,—шанцуе гэтаму абжору. А мне дык прыйдзецца вяртацца ды шукаць партфель з падручнікамі. Відаць, ад урокаў мне не адкруціцца...

Нечакана пачуўся голас Вовінай маці:

— Валодзечка, сыночак! Ідзі паеш ды адпачні ад вучобы. Дарэмна толькі мазгі сушыш! Мы з тваім бацькам малапісьменныя, а ў нас і свінні водзяцца, і гаспадарка не горшая за іншых, і капейчына ёсць. Былі б рукі ды ногі, а вучыцца паспееш.

Вова пераможна бліснуў вачыма, засвяціўся ўвесь, як медны гузік:

— Заўтра па мяне не заходзь, я ў школу не пайду! — і ён разваліста падаўся ў сваю хату.

Алесь зноў застаўся адзін.

«Дзіўныя справы адбываюцца»,— падумаў ён і таксама пайшоў дамоў, каб крыху падсілкавацца і сесці за ўрокі.

Ішоў час. Вова кінуў школу, пагульваў ды біў лынды. Мікола працягваў вучыцца разам з Алесем, але зрабіўся круглы, як гарбуз.

— Мне мая мамачка кожны дзень купляе ці торт, ці пірожныя, ці цукеркі, асабліва за добрыя адзнакі ў дзённіку,— пахваліўся ён дастаючы з партфеля чарговую смакату.

Яго нават ад уроку фізкультуры аслабанілі, бо ён не мог выканаць самае простае фізічнае заданне.

І што самае сумнае — ён працягваў таўсцець і круглець.

Алесь, як і ўсе дзеці яго узросту, любіў і футбол паганяць, і спякотай даць нырца ў рэчку, і ў лес па грыбы збегаць, і бацькам дапамагчы, але на першым месцы ў яго жыцці была прага да ведаў.

Нездарма ў пятым класе, на абласной алімпіядзе па матэматыцы ён заняў першае месца.

З сваімі даўнімі дружбанамі Вовам і Міколам ён працягваў сябраваць.

Вову пачалі зваць неўкам і гэта яго моцна крыўдзіла і нагадвала яму, што партфель з падручнікамі чакае яго ў кустах.

Да Міколы прырасла мянушка «Мікола — пузатае кола», што таксама яму вельмі не падабалася.

— Алесь,— звярнуліся яны да сябра — што зрабіць, каб пазбавіцца кпінаў?

Алесь, не вагаючыся адказаў:

— Ідзіце па жыцці прамой дарогай!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.