epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прамень даўніны

Безнадзейна сумуе сцяжынка ў траве,

Ледзьве бачна бяжыць — то ў нізіну, то ўгору.

Ёсць яна — і няма,

і жыве, й не жыве —

Разам з ёй тут знікае далёкае ўчора.

 

А калісьці сцяжынка дарогай была,

Хай сабе і не бойкай,

а ўсё-ткі «ў законе».

Тут і песні гучалі, й гаворка гула,

І гармонік завітваў, і цокалі коні.

 

Ці дажджы, ці спякота,

ці снег, ці вясна,

А над ёй не сціхаў

смех і спеў шматгалосы.

З году ў год бездакорна служыла яна,

Безадказна злучала сядзібы і лёсы.

 

О, чароўнасць дарогі такой — не шаша,

Тут і роздум духоўны,

й зямлі беззаганнасць.

У дарогі такой — наваколля душа

І свая непаўторная утаймаванасць..

 

Што ж, знікаюць яны,

адыйшлі у нябыт,

Нашых продкаў дарогі і годнасць былога.

Мы даўно праматалі

на шчырасць ліміт —

Сёння мчыць нас (куды?) безаглядна дарога.

 

Аўтабаны гудуць —

аж гудзе ў галаве,

І не ўгледзець у вокнах матулі-прыроды...

Толькі недзе сумуе сцяжынка ў траве,

І знікае прамень даўніны —

назаўсёды.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.