epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Праменіць памяць

Пасля блуканняў

Па зямлі маіх,

Хачу пайсці з жыцця я,

Божа-браце,

Не ў стылых

Казематах гарадскіх,

А у Карпілаўскай

Бацькоўскай хаце.

 

Жаданні ўсе

Адкідваю я ў бок,

Адным-апошнім

Завяршаю долю —

Няхай сустрэнецца

Мой самы першы крок

І крок апошні —

Тут і нідзе болей.

 

Не зможа перадаць

Ні плач, ні смех,

Не здольны напісаць

Ніякі геній —

О колькі тут было

Жыццёвых вех,

О колькі лёс тут

Выкрасаў імгненняў!

 

Праменіць памяць тут

На ўсе бакі,

Ад першых крокаў,

Ад дзвярэй, ад ганку.

Маю душу

Адорвалі бацькі,

Духоўна,

Шчыра,

Мудра па-сялянску.

 

Ад матухны прыроды,

Ад зямлі,

Ў гармоніі былі

З зямлёй і светам.

А што за людзі

Колісь тут жылі!

Быў кожны кожным

У той час сагрэты.

 

Адкрытасць і бясхітраснасць тады,

Былі зямлі, як бы сказалі,

Соллю.

О мілыя мінулыя гады!

О тое,

Што не вернецца ніколі!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.