epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прамы эфір

На радыё, у студыі

Ужо не першы год,

Як гаспадар, арудуе —

Жыве прыблудны кот.

 

У вольны час цярэбіцца:

Які ж ён кот — без блох?

То яўкае, то чэпіцца,

То ледзь не валіць з ног.

 

Усе любілі Спікера —

І кот усіх любіў,

А асабліва дыктара,

Бо той яду насіў.

 

А дыктар неяк раніцай —

Ці то мазгі растрос,

Ці ўчора позна «парыўся»? —

Нічога не прынёс.

 

Быў дзень такі напружаны,

Ва ўсіх работы — вір.

І кожны, як кантужаны?

Ідзе прамы эфір!

 

У кожнага работніка

Адказнасці — праз край.

А што кату-гаротніку?

Яму — каўбаску дай!

 

А дыктар засяроджаны,

Яму не даў каўбас,

Чытае ён народжаны

Для грамадзян Указ.

 

Не зразумела Спікеру,

Што гэта за байкот?

Ён — на калені дыктару,

Піхаецца ў жывот.

 

Каленьмі дыктар дрыгае,

Каб скінуць лайдака,

А Спікер — трэцца, нігае,

Шукае ласунка.

 

Відаць, абрыдла Спікеру

Быць лішнім у «віры» —

І запусціў ён дыктару

У нешта кіпцюры.

 

Зароў на ўсю рэспубліку

Паранены бядак —

І ў студыі ўсю публіку

Ледзь не хапіў слупняк.

 

Жывёла ж непадсудная,

Ёй суд — не камандзір.

Пад хвост кату прыблуднаму

Пайшоў прамы эфір.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.