epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прапускнік у рай

Памёр я. Што тут дзіўнага?

Аджыў — дык памірай.

Вядуць мяне, наіўнага,

Анёлы прама ў рай.

 

«Ну,— думаю,— пашчасціла,

Прыгрэла, ё-маё.

Жыццё не надта лашчыла,

Хоць тут вазьму сваё.

 

Не буду знацца з працаю

Да скону ўсіх вякоў...»

Іду, аблокі мацаю,

Анёлы — з двух бакоў.

 

Гляджу на іх удзячна я,

У правы, левы бок...

Унізе ледзьве бачная

Зямля — грахоў клубок.

 

А думкі патаемныя,

Як крылы за спіной:

— Якое ўсё нікчэмнае

Жыло-было са мной!

 

І згодна сэрца чулае:

«Бедлам зямны, бывай!

Бывай, усё мінулае —

І прывітанне, рай!».

 

І вось вяршыня! Самае

Узвышша ўсіх аблок.

Наверсе бачу браму я,

За ёй — святы куток.

 

За брамай — патаемнае.

І вабіць з-за яе

Мелодыя прыемная —

Імпэту паддае.

 

І чуецца нягучнае:

«Жыві і не грашы...»

Спяванне мілагучнае,

Як мёдам па душы.

 

За брамаю кудлаціцца

Шыкоўны райскі сад.

Плаціць не трэба, траціцца —

Хто ж гэтаму не рад?

 

Там, кажуць, толькі крыжыкі,

Што Бог дае — ў цане...

Ад нецярпення дрыжыкі

Пайшлі гуляць па мне.

 

Шчыміць душа гарэзліва,

Да брамы — толькі крок.

Але анёлы ветліва

Адводзяць мяне ўбок.

 

— Няўжо мне ў рай зачынена

Дарога? — я панік...

Гладжу — стаіць будыніна,

Чытаю — «Прапускнік».

 

— А-а! Вось чаму мы збочылі!

Баяцца тут — ну што ж? —

У рай каб не праскочылі

Ні таракан, ні вош.

 

Яны не па наіўнасці

Сюды мяне вялі,

Бо ведаюць, што «жыўнасці»

Хапае на зямлі...

 

Зайшоў — сабраўся з сіламі,

Гляджу — сядзіць гурток.

Усе — у белым, з крыламі,

Наперадзе — дзядок.

 

Вітаюся ледзь чутна я,

Схіліўшы галаву...

Калі ж дадуць прысутныя

Нябеснае ЦУ?

 

Стаю, дрыжу,— зняслаўлены —

Агнём яно гары!

Нарэшце зацікаўлена

Пытаецца стары:

 

— Знамо якія пацеры?

Хай сын іх назаве!..

«Ну й ну! Кедрэні мацеры!» —

Мільгнула ў галаве.

 

Спацеў, увесь узмылены,

Аж лужына ў нагах.

Напруг свае я звіліны —

Капаюся ў мазгах.

 

Назад гады адкручваю,

Далей, глыбей палез...

Успомніў і агучваю:

— Слава КПСС!..

 

Як серада на пятніцу,

Скрывіўся раптам дзед...

Відаць, не ў рай, а ў з.... у

Мне выпішуць білет.

 

Пытанне чую новае:

— Гарэлку піў ці не?..

Зноў цішыня суровая

У рог баранні гне.

 

Раптоўна стала млосна мне,

Кручуся — пык ды мык:

— Я... як сказаць... і так, і не,

Крыху мачаў язык...

 

Але здзівіў дзед чарамі,

Махнуў сваёй рукой

— І, аж бітком, шклатараю

Напоўніўся пакой.

 

А, матухна! А, свентая!

Я ў думцы ледзяной:

«Няўжо армада гэтая

Асушаная мной?!»

 

Тут — хлебная, сялянская,

(Эх, піў яе даўно!)

Гарэлачка, шампанскае,

Каньяк, лікёр, віно...

 

Зноў пуста... Позна каяцца,

Маўчу, пачырванеў...

Дзядок далей пытаецца

З усмешкай, нараспеў:

 

— Хачу пачуць галоўнае,

Скажы, адкінь ману:

Ці меў грахі любоўныя?

Ці ты кахаў адну?

 

Зноў пот паліўся па спіне

Што хочаш выбірай.

Апошні шанец выпаў мне

Прабіцца ў гэты рай...

 

Адну! Адну-адзіную!

Нібы ручай раку!..

Дзядуля з кіслай мінаю

Узняў уверх руку.

 

Махнуў, як бы няхочучы...

І раптам у пакой,

Сакочучы, рагочучы,

ЯНЫ пайшлі ракой.

 

Худыя, таўстабокія

Заходзяць — пруць і пруць,

Малыя і высокія —

Налезла — не дыхнуць.

 

З ухмылачкамі мілымі

Крутнуліся яны,

Цалуюць тых, што з крыламі,

І дзеда — за штаны.

 

Дзед шыкнуў: — Згінь нячыстая!

І навалач сышла...

Сляза мая празрыстая

Шчаку мне апякла.

 

«Во, ёлкі-палкі, “слаўлюся”

На ўвесь, на іншы свет.

Куды цяпер адпраўлюся?

Што выдумае дзед?»

 

Пачухаў я за скронямі,

Як у жахлівым сне.

Заляскаў дзед далонямі,

І вывелі мяне.

 

А тут ужо пякельныя

Чакаюць пасланцы...

Што ж, жахі не смяртэльныя,

Бо я «аддаў канцы».

 

*

У пекла, з Боскай караю

Вядуць далей яны.

Іду паміж пачварамі

Туды, дзе перуны.

 

Іду не к Богу ў хату я,

Не ў райскую пасцель.

І чарцюкі лахматыя

Таўкуць мяне ў каршэль.

 

Такія ўжо гарачыя —

Да трох не гавары.

І вось вароты бачу я

На чортавай гары.

 

І зелле пустароднае

Расце, як лес, сцяной.

На браме той — бясплодная

Трава, адходы, гной.

 

За брамаю параднаю —

Палын, бур’ян парос.

А ад смуроду чаднага

Адвальваецца нос.

 

Ні яблынькі, ні дзічачкі,

Пустэчы паляглі.

Куды ні глянь, ва ўсе бакі

Нібыта на зямлі.

 

Вядуць мяне бязбожнага

Чарцюгі-спарышы.

Туды — пускаюць кожнага,

Адтуль — ані душы.

 

Падводзяць да галоўнага,

А той — паверх галоў,

Без лішняга, умоўнага:

— Ганіце да катлоў!

 

І зноў мне — у патыліцу

«За дзякуй» надзяўблі.

І надрывацца, жыліцца,

Гарбаціць павялі.

 

Міруся з безвыходнасцю,

Што зарабіў — глытай.

Але шыбую з годнасцю —

Не зломак, не гультай.

 

Ды як ісці без гонару,

Калі людзей — кішыць?

Ад тлуму і ад гоману

Аж галава трашчыць.

 

А гэты люд — «працэджаны»:

Хто — у смале кіпіць,

А хто — у воз запрэжаны,

Над кожным чорт не спіць.

 

Тут марна час калдобіцца,

Вакол — ні ўзяць, ні даць,

Тут нешта быццам робіцца,

А толку не відаць.

 

Іду, між іншым думаю:

«Ну пападзі я ў рай —

І што? Ламай душу маю,

Да панства прывыкай.

 

А тут — усё знаёмае,

Прывычнае, маё.

А тут — як быццам дома я,

Не-е! Кожнаму — сваё!»

 

Відовішча раптоўнае

Нагнала ў сэрца жах:

Сябры мае з Вярхоўнага

Кіпяць тут у катлах.

 

Усе крычаць, не слухаюць

Чужых, уласных слоў,

Нагамі ў сцены бухаюць

Распаленых катлоў.

 

— Калегі па парламенце,

Катлы — не мікрафон!

Дарэмна гарлапаніце,

У д’ябла — свой закон...

 

Адкінулі абструкцыю

І тут — адной сям’ёй

І хто ствараў карупцыю,

І хто змагаўся з ёй.

 

І тыя, што забыліся

Пра свой адвечны род,

І тыя, што бажыліся

Памерці за народ.

 

Пякуцца, як карасікі,

Аж дым ідзе ўгару...

Ой! Ой! Дык тут і «класікі» —

Калегі па пяру!

 

Пісалі, час не трацілі,

Быў кожны з іх, як Бог,

А ў рай усё ж не трапілі —

І нават на парог.

 

Там, пры жыцці шаноўныя —

Маўчком, бачком, спіной.

А тут — усе мы роўныя,

Вітаюцца са мной...

 

А вось і я прыладжаны,

Маёй душы тут дол —

Закураны, загаджаны

І для мяне кацёл.

 

Смалой-то ён напоўнены,

(Нашто маніць дарма?),

А дроў не нагатоўлена —

Агню пад ім няма.

 

Хацеў я скінуць чобаты,

Каб «грэцца» пакрысе,

Крычаць: — Энерганосьбіты

Закончыліся ўсе!

 

Ад пекла больш драпежнага

Не атрымалі дроў...

І чэрці тут залежныя

Ад розных махляроў.

 

Назаўтра дровы «выбілі» —

Смалы не знойдуць след.

О-о! Гне ў тры пагібелі

Маіх чарцей сусед.

 

Мне на Зямлі здавалася,

Што пекла — жах.

Мана!

У ім адлюстравалася

Маё жыццё — да дна.

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.