epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Праўдзівая фантазія

А можна я пафантазірую?

Напрыклад, шчасце дзесь знайшоў я,

Таму і не вярнуўся з выраю

Вясной да роднага гняздоўя.

 

О як жа смачна мне там елася,

Пілося смачна пасля ежы.

І нават яхтай абзаймеўся я

Пад пальмамі на узбярэжжы.

 

Так піў і еў я, пуза грэючы,

Як ля карыта могуць свінні,

Як ля смятаны Катафеічы

У незласлівай гаспадыні.

 

І раптам стала невыносна мне,

І ні да пальмаў, ні да раю.

Сасніў, што быццам ранкам росным я

Баравічкі я сабіраю.

 

Прыснілася, што зноў у вёсцы я,

Забыўшыся на ўсё благое,

І хата родная бацькоўская

Мяне частуе сырадоем.

 

І ўжо аб доме толькі думаю,

Як кажуць, адусюль падпёрла,

Зрабіўся сам не свой ад суму я

І смаката не лезе ў горла.

 

Да д’ябла ўся гэта экзотыка,

На поўдні тут аж ванітуе.

Абрыдла мне ўсё тут да чорцікаў —

Дамоў, дамоў, дамоў хачу я!

 

О як балюча на душы скрабе,

Мне не адужаць гэта гора —

На шыю камень пачапіў сабе

І з яхты кінуўся я ў мора...

 

Зямля чужая душыць гіраю

Душу, што аб Радзіме дбаецца.

Дык вось чаму ўсе птушкі з выраю

Ад веку ў век дамоў вяртаюцца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.