epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Праўдзівая мана

Калі нядзеля надыходзіла,

Мужчыны

Без запрашэнняў, без прынукі,

Кожны раз,

Збіраліся

Без аніякае прычыны,

Любілі бавіць табалой

Свой вольны час.

 

Хтось анекдот распавядзе,

Хтось зманіць штосьці,

Заўжды знаходзіўся язык,

Як памяло.

Добразычліва ўсё праходзіла,

Без злосці,

Ну, што яшчэ дадаць тут?

Весела было.

 

Вясковец кожны

Памяркоўны меў характар,

Таму ніхто не лез

Зласліва на ражон.

І вось Антось Шальмец,

Вясковы завадатар,

Усім прысутным

Прапануе хітрасць ён.

 

Яго задумка

Прагучала нечакана

І сёння несла

Для прысутных навінý:

— Скажыце, галубцы,

Хто з вас чытаў пра пана,

Што ўзнагароджваў

За праўдзівую ману?

 

Калі, напрыклад,

Хтосьці так маніў прыгожа,

Так языком

Пра незвычайшчыну мянціў,

Калі пярэчыў пан:

— Такога быць не можа!

Манюку ён за гэта

Золатам плаціў.

 

Дык вось і сёння, галубцы,

Такая штука —

З вас выдумляльшчык кожны,

Кожны балабол.

Усё, што хочаце, маніце,

Я ж без гуку

Вас буду слухаць —

І калі згаджуся з чутым,

Тады няўдалы раскашэліцца манюка,—

Гарэлкі пляшку ставіць

На агульны стол.

 

— А калі не? —

Спытаўся хтосьці асцярожна,—

Дасказвай думку,

Галаву нам не дуры.

— А калі не,—

Шальмец зазначыў пераможна,—

Тады я стаўлю на агульны стол

Аж тры!

 

— Ого! — огокнулі

Аднавяскоўцы хорам,

І завагаліся, і шэпчуць —

Пык ды мык.

Хто ж будзе першы з іх,

Каб стаць для ўсіх узорам,

Хто з іх адкрые сёння

Пераможны лік?

 

Засумняваўся хтосьці:

— Ты такі дарадца,

Што скінеш грэх на плечы нам

З сваіх плячэй,

Дык ты ж хітрун, Антось,

З усім будзеш згаджацца,

Каб толькі з нас бутэлькі

Выцягнуць хутчэй.

 

І тут Шальмец

Пераканаўча запярэчыў:

— Маніце так, каб я сказаў:

Не можа быць!

Тады і грэх мой

Не адчуюць вашы плечы —

Няўжо так цяжка

Штосьці «гэткае» зманіць?

 

Ну, галубцы, чакаю я,

Кульнуць прыспела,

Хто з вас мяне сваёй маной

Прыцісне ў кут?

Наперад выйшаў

Асцярожна і нясмела,

Даволі здатны на язык,

Мікола Шут.

 

Шальмец жахнуўся жартам,

Быццам клоун нейкі:

— Цябе, Мікола, я й баяўся,

Бачыць Бог.

Давай выкладвай,

Заваёўвай тры бутэлькі,

Распавядальшчык ты у нас —

Адзін за трох.

 

Мікола сціпла перарваў

Антося спрэчку,

Бо добра ведаў,

Што Шальмец — з трапла трапло.

— Аднойчы летам я палез

Скупнуцца ў рэчку,

Бо ад спякоты й дрэвам

Спасу не было.

 

Плыву, плыву сабе,

Грабу уперад смела,

Вакол, з усіх бакоў,

Шырокай рэчкі гладзь.

І рэчкі нашай плынь

Бадзёрыла мне цела

І раптам з-пад вады

За ногі хтосьці — хваць!

 

І цягне, цягне ўніз,

На глыбіню, ў бяздонне,

Спрабую я ў вадзе,

Ў бяздонні крыкнуць SOS!

Хоць тое ўсё даўно было,

Здаецца — сёння

І чым глыбей, тым жах мой болей

Рос і рос.

 

Я — ўсё-такі рыбак,

А тут — антырыбалка

Я быў тут не рыбак,

Я быў ужо — улоў.

Злавіла за нагу

Мяне тады Русалка

І пацягнула ўніз

Паміж крутых віроў.

 

А вось і дно ужо,

Яна глядзіць мне ў вочы,

Прыгожая —

Такіх не знойдзеш баб.

Я ёй пачаў пратэставаць:

— Чаго ты хочаш?

Я ж без хваста, зірні —

Пусці мяне назад.

 

Гляджу, здзівілася

Мая Русалка дужа:

— Ты ж ацані,

Якая ёсць я прыгажосць

Застанься тут, са мной, Мікола,

Будзь мне мужам.

Тлумачу ёй:

— Ў мяне наверсе жонка ёсць.

 

І, да таго ж,

Душа мая пратэставала:

— Ты адпусці мяне, Русалка,

На зямлю.

Гарэлкі тут няма,

Не бачу я і сала,

Прабач ты мне —

Я рыбнай стравы не люблю.

 

Не трэба здзеквацца з мяне,

Пабойся Бога!

І тут яна з абдымкаў

Выпхнула мяне:

— Плыві сабе наверх

А я злаўлю другога,

Разумнага, які захоча

Жыць на дне.

 

Каб у «суддзі»

Не заставалася сумненняў,

Рашыў паставіць кропку

Ўсхваляваны Шут.

— Такое вось тады

Было са мной здарэнне,

А што я вынырнуў з вады —

Вялікі цуд.

 

Затым на Шальмяца

Зірнуў ён пераможна,

А той услых, спакойна

Думкі гнуў свае:

— Табе я веру, Шут,

Бо так бывае з кожным,

Хто, перад тым,

Як лезці ў рэчку, перап’е.

 

З табою, браце Шут,

Я пагаджуся цалкам,

Бо з тым, хто топіцца,

Ўсе глюкі заадно.

Ты, безумоўна, Коля,

Бачыць мог Русалку —

Быў ты ў агоніі,

Калі пайшоў на дно.

 

Так, ты ляжаў на дне,

Паклаў жыццё на шалі

І гэта ўжо — святая праўда,

Не мана.

Тады АСВОДаўцы цябе уратавалі

Яны да жонкі

Паднялі цябе са дна.

 

Так што з цябе, браток Мікола,

Зараз пляшка,

Што ж, ты стараўся шчыра

Для агульных спраў.

І Шут дастаў з кішэні,

Уздыхнуўшы цяжка,

І ён на стол паставіў тое,

Што прайграў.

 

— Ну, хто наступны? Га?

Бо час абеду блізка,

А ў нас на ўсіх

Адна бутэлька усяго.

Смялей! Смялей!

Ну, можа ты, сусед Барыска?

Шальмец суседа раптам

Запытаў свайго.

 

— Што ж, згодны, я дык я.

Вось што было са мною,—

Як мокрае гарыць,

Барыс распавядаў,—

Зіму, чамусьці пераблытаўшы

З вясною,

Схапіў рыдлёўку я

І грады ускапаў.

 

Зямлі тады пералапаціў —

Процьму, горы,

Усё пасеяў, пасадзіў,

Што толькі мог.

І ўжо у студзені

Паспелі памідоры,

А агуркі сабраць у лютым

Бог памог.

 

Дык гэта ж, пэўна,

Канец свету, не іначай,

Парадку нават

У прыродзе не чуваць.

Цяпер вось лета на дварэ,

А жонка плача —

А ураджай зімовы

Нам куды дзяваць?

 

Ну што цяпер, Антоська,

Скажаш ты на гэта? —

Барыс спытаўся хітра,—

Вось табе й зіма.

Шальмец сказаў: — З табой я згодны,

Канцом свету

Завуць прыроду ў свеце

Сёння нездарма.

 

Расповед твой, браток Барыс,

Як, кажуць, міма,

Твае ўсе словы, гэта —

Не казырны туз.

Якія з году ў год

Да нас прыходзяць зімы?

Ні маразоў табе, ні снегу —

Плюс ды плюс.

 

Прырода страціла,

Стварала што вякамі,

І мы не ведаем —

Што пекла, а што рай.

Ды дробязь сёння

Памідоры з агуркамі,

Цяпер зімой,

Хоць ты кладзіся й загарай.

 

Такая вось цяпер

Прыродная закваска

І невядома, што бярэцца

І адкуль.

Так што, з цябе, Барыс,

Хоць ты сусед мой, пляшка,

А вынік, на маю карысць, ужо —

Два — нуль.

 

Ну, што прыціхлі, галубцы,

Як з’елі мыла?

Дзе ваш агонь?

Пакуль я бачу толькі дым...

Тут усміхнуўся у адказ

Бяззуба й міла

І крок зрабіў да Шальмяца

Дзядок Максім.

 

А можна мне, Антоська,

Хаця я не маю

Бутэлькі спрэчкавай,

Ды чорт яе бяры.

Ты выйграў дзве пакуль,

Да іх я далучаю

Твае, што ты прайграеш мне,

Бутэлькі тры.

 

Шальмец падумаў:

«Гэты дзед, хоць і бяззубы,

А пальца ў рот яму

Усё-ткі не кладзі».

А сам услых прамовіў:

— Час не любіць згубы,

Таму, Максіме, пачынай,

Хутчэй трындзі.

 

І дзед «трындзець» пачаў:

— Дзялюся я сакрэтам,

Які ў сабе насіў

Да гэтага аж дня.

А адбылося гэта ўсё

Мінулым летам —

Святая праўда,

Ні прыдумка, ні хлусня.

 

Было спякотна, нават там,

Дзе леглі цені,

У хаце спёрта,

Ды і жонка плодзіць храп,

Таму я вырашыў,

Што ноч пасплю на сене,

Каб трошкі сілы аднавіць,

Бо ўжо аслаб.

 

І я дзіцячым сном

Заснуў, амаль імгненна,

На сене ноч — хвілінка,

Ноч жа ў хаце — гмах.

А раніцой адчуў — о цуд! о водар сена! —

Як жвава кратаецца

Штосьці у штанах.

 

Чаму ж, дурны я пень,

Раней не спаў у пуні?

Я ж моц мужчынскую вярнуў,

Я быў бы — э-эх!

Раптоўна тое, што ў штанах

Рукой крануў я,

Пралезла пругка да паловы

Праз прарэх.

 

Я галаву прыўзняў

І скасавурыў вочы,

Зірнуў уніз цішком —

І што ж убачыў я?

Убачыў я і абамлеў,

Бо гэтай ноччу

Ў штаны мае аднекуль

Запаўзла змяя.

 

 

Вось там яна, ў маіх штанах

Ноч і праспала,

Цяпер вачамі ў вочы зазірала мне.

Я зразумеў, Антось,

Што будзе мне не мала,

Калі мяне за штось

Змяюка угрызне.

 

І ад таго, што мáю нервы,

Як з жалеза,

Я не крануўся

І амаль не дыхаў я.

Яна ж, праз нейкі час,

Ў штаны назад залезла

І паміж ног маіх заснула —

Во змяя!

А што ж рабіць?

Я ж без вады тут і без ежы

У пуні гэтай

Доўга так не працягну.

Я ж, да таго,

Свае ўсе костачкі адлежаў —

Як са штаноў маіх

Прагнаць мне звярынý?

 

Паколькі быў на сене я,

Як на трыбуне,

І з вышыні таму

Праз шчыліну сачу —

А раптам ранкам

Пройдзе хтосьці каля пуні,

Хоць я стары, Антось,

А жыць яшчэ хачу.

 

Ляжу, на Бога спадзяюся

І на ўдачу.

І літасцівы Бог пачуў,

Паслаў яе —

І вось на шчасце на маё,

Марусю бачу,

Яна ідзе сабе ля пуні

І пяе.

 

— Што за Маруся? —

І Шальмец увесь напругся,

Дзед засмяяўся хітра:

— Растлумачу я:

У нашай вёсцы ёсць

Адна толькі Маруся

Тады ля пуні,

З песняй жонка йшла твая.

 

Свой гэты шанц

Я ацаніў тады імгненна —

Вось хто прагоніць

Са штаноў маіх бяду!

І я гукнуў яе:

— Маруська, лезь на сена,

Я тут адзін!

Я без цябе тут прападу!

 

Зяхнýлі дзверы,

Глуха рыпнула жалеззе

Ад двух старых завесаў —

Значыцца ідзе.

Зашабуршыла ўнізе сена —

Значыць лезе.

І вось яна!

Пытае шэптам: Хто тут? Дзе?

 

— Я! Я, Маруська! Я!

Я — дзед, мяне намацай!

Праблема ноччу мне

Патрапіла ў штаны.

— А жонка дзе твая, дзядок?

— Старая ў хаце.

Ды ты не бойся,

Мы з табой цяпер адны.

 

— Ну, а чаго дзед хоча?

— Тут такая справа...

Хачу, каб неяк ты

Ў штаны залезла мне.

Яна — у голас мне:

— О, як гэта цікава!

І рамантычна гэта ўсё,

Нібыта ў сне.

 

Тым больш, на сене ў пуні,

Быццам на пракосе —

І ручанькай сваёю —

Шусь мне у штаны.

— Ты ж толькі, дзед, маўчы,

Не дакладзі Антосю,

Бо ён па часці рэўнасці —

Як ёсць, зусім дурны.

 

Шальмец падскочыў аж:

— Старое ты паленне!

Не праўда гэта! Не!

Усё гэта — мана!

Не лазіла яна,

Бяззубы чорт, на сена!

І у штаны твае

Не лазіла яна!

 

— Не лазіла яна-а? —

І дзед зрабіў зацяжку.

Сцвярджаеш ты, што век

Такога не было?

Ну, калі так, Антось,

Гані свае тры пляшкі,

Бо кліча ўжо абед

Нас пад сваё крыло.

 

— Ды не шкада зусім

Мне гэтых пляшак клятых!

Паклёп на жонку, ён —

Мне горш любога зла.

Тут хтосьці запытаў,

Крыху падбэсціў свята:

— А што там, дзед, яна

Ў тваіх штанах знайшла?

 

Дзед нават не звярнуў

Увагі на пытанне,

Па-гаспадарску ён

Накрыў агульны стол...

Тут кожны здольны быў

На жарты, выдумлянні,

І быў тут кожны —

Гумарыст і балабол.

23.01—24.01.2021



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.