epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Правалы памяці

Бываюць памяці правалы —

«Забыўся» — й ты не вінаваты

Мы маем прыкладаў нямала

Калі «адбельваліся» кáты.

 

Сышлі ў нябыт звяр’я абноскі,

Спіхнуў іх час з крывавай сцэны.

Ды чуюцца іх адгалоскі,

Хоць і жывуць нячутна гены.

 

Ці не таму кладуць на шалі

Хлусню і праўду-небараку

І супраць тых, каго знішчалі,

Той ген хлусню вядзе ў атаку?

 

Яшчэ у памяці дымяцца

Ахвяры, спаленыя ФАУ.

Прад імі б у нагах валяцца

І вам, бяспамятная фрау...

 

Жывуць нашчадкі тых злачынцаў,

Тых нелюдзяў антымаральных.

На іх таксама цень «гасцінцаў» —

Хатыні, Трасцянца і Дальвы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.