epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Правіла адно

Стагоддзі — гмахі,

лёсы — парушынкі,

Ў агні вякоў

гараць, як матылькі.

Жыцця пачатак

І жыцця дажынкі

Адольваем імгненна —

напрасткі.

 

Прывыкла чалавецтва

жыць няўцямку —

Наезджаная часам каляя.

І мы габлюем

у адным напрамку,

А мы ўсё напрасткі —

ад «а» да «я».

 

Ў гісторыі жывуць

урокі-жахі,

Ды супраць іх

ёсць правіла адно:

Стагоддзі — парушынкі,

лёсы — гмахі —

Усіх нас і ўратоўвае яно.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.