epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Процістаянне

Так сёння ёсць,

так будзе,

так было —

Хвалюе ўсіх адвечнае пытанне:

Хто атрымае верх —

дабро ці зло?

Хто пераможа

у процістаянні?

 

Дабро з усмешак створана,

з святла,

Яно навідавоку —

вочы ў вочы.

А зло драпежна

сочыць з-за вугла,

Каб у спіну ударыць

сярод ночы.

 

Я свята верыў —

возьме верх дабро,

Бо як інакш?

Інакш жыццё — няўдача.

Лавіў жар-птушку,

падабраў пяро —

Няўдача — скача,

а ўдача — плача.

 

Зло пракладае чорныя сляды

Па душах, па гісторыі,

па марах.

Дабро перамагае

не заўжды,

Бо й сонца веліч свой

губляе ў хмарах.

 

Маланка — зло,

а нас пужае гром,

І вестка — зло,

калі яна благая.

Жыццё — дабро....

Павінна быць дабром —

І ўсё-ткі смерць

яго перамагае.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.