epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Промні ці цені?

Нявечаць нам душы —

ні час, ні нягоды крутыя,

А словы-атруты,

а погляды-джалы штодня.

У жорсткім жыцці

выжываюць па-большасці тыя,

Хто жорсткасць нясе ў сваім сэрцы,

якое — браня.

 

І ім праз сумленне ступіць —

лягчэй, чым праз смецце,

Ім ісціна — не перашкода,

хоць мэта — хлусня.

І ценем паўзе

ненажэрная жорсткасць па свеце,

Ды свет уратоўвае тое,

што ёсць на зямлі дабрыня.

Стагоддзі ляцяць, як гады,

гады — як імгненні,

Стагоддзі, гады і імгненні —

гісторыі час.

А хто святкаваць на зямлі будзе —

промні ці цені,

І хто пераможа?

Залежыць ад кожнага з нас.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.