epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыцягненне

Я ў Акопы вяртаюся зноў

Пасядзець на знаёмым пагорку,

Сярод даўніх знаёмых — дубоў —

Дыхаць водарам траў-дываноў,

Ад якога салодка і горка.

 

Я Акопы люблю і таму,

Што да іх прытуляўся Купала,

Што яны, як калісьці яму,

Падарылі і сэрцу майму

Дабрыні і пяшчоты нямала.

 

Я свае расхінаю гады,

Адхінаю амаль паўстагоддзя...

Я з Карпілаўкі бегаў сюды

Не натхняцца, а так — ад нуды

Аддаваўся дзіцячай прыгодзе.

 

I юнацтва калі-нікалі

Тут спяліла душы летуценне.

Ногі самі ў Акопы вялі —

Ёсць жа нейкая ў гэтай зямлі

Таямніца часоў — прыцягненне.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.