epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыцягненне Зямлі

О імкненні!

Куды б вы зямлян завялі,

Не сустрэўшы нідзе перашкодаў?

Ды нябачны ланцуг —

прыцягненне Зямлі

Нас ратуе ад трагіпрыгодаў.

 

Самы амбіцыёзны

і ўзнёслы узлёт,

Першародак касмічнае эры,

Вакол нашай Зямлі

завяршыў абарот —

І дамоў!

Прэч прыгоды-хімеры!

 

Родны кут! Тут мой дом

і маленства гады,

Тут зямля й маіх продкаў святая.

Прыцягненне «маленькай Радзімы» заўжды

Да сябе непазбежна вяртае.

 

Прыцягненне — між нас,

хоць не бачым яго —

Адчуваем яго штоімгненне.

Назаўжды мы згубілі б

адно аднаго,

Каб ні сэрцаў,

ні душ прыцягненне.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.