epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыдуркаваты кавалер

Ледзь сонейка над лесам узышло,

Зірнуўшы зверху на зямлю ўлюбёна,

Васіль пракалымажыў праз сяло

Да канцавой сядзібы, ля Лявона.

 

— Суседзечка, пазыч мне барана,

«Да хлопцаў» усхадзілася авечка.

Дасць Бог, глядзіш, акоціцца яна

І параднімся мы.

— Аб чым, брат, спрэчка!

 

Бяры, даю яго я напавер,

Вядзі да «маладой»,— Лявон смяецца,—

Але бяда, бо гэты кавалер

Крыху прыдуркаваты, надта б’ецца.

 

Баіцца толькі аднаго мяне,

Астатніх валіць, як гнілое дрэва.

Васіль махнуў:

— А-а, можа, й абміне

Нас гэты грэх... Вядзі жывёлу з хлева!

 

Лявон стрыножыў ногі барану,

Памог ускінуць бэку на падводу.

— Бывай здароў, сусед, чакай вясну,—

Сказаў Васіль,— а з ёю і прыплоду!

 

А барана праз дзень назад прыпру! —

І сцёбнуў пугай па спіне кабылу.

Загрукацелі колы пад гару,

Узняўшы за сабою хмары пылу.

 

* * *

Чакала дома жонка Васіля,

Авечку прывязаўшы каля хлева.

Васіль на жонку закрычаў здаля:

— Рыхтуй паненку, маць яе налева!

 

— Як рыхтаваць? Гатовая яна! —

Ў адказ Анэта.— Вось, стаім на пару!

Васіль сцягнуў з падводы барана,

Разблытаў ногі: — Ну, задай ёй жару!

 

Баран устаў, абвёў вачыма двор,

Пацёр, пастукаў аб падводу рогі —

І раптам з месца, дурань, як папёр,

Як даўся з усіх сіл Анэце ў ногі!

 

Кабеціна крутнулася ваўчком

І бразнулася, аж заныла цела.

Ускочыла з зямлі і — зноў тырчком

Ад барановай ласкі паляцела.

 

Ды, дзякуй Богу, выратаваў хлеў,

Куды Анэта праслізнула спрытна.

Цяпер баран накіраваў свой гнеў

На дзверы — і крышыў іх апетытна.

 

Адскочыць трохі і з разгону — бух!

Як той таран, пракладвае дарогу.

Васіль сабраў увесь мужчынскі дух

І кінуўся да жонкі на падмогу.

 

Баран зрабіў на месцы разварот

(Яму й мужчыне даць пад зад ахвота).

Васіль маланкай сігануў на плот,

Зароў штосілы: — Прэч пайшоў, дурнота!

 

Але Васіль напаў не на таго.

Дарэмна ён на цэлы свет галёкаў.

Баран як даў у плот, дык ад яго

Адныя трэскі пырснулі навокал.

 

Васіль ляжаў пад трэскамі цішком,

Анэта ў хлеве гузакі лічыла.

Цяпер ужо баран — бачком, бачком

І да авечкі, што за ім сачыла.

 

* * *

Прыйшлося без развагі і прадмоў

Ісці хутчэй да Васіля Лявону,

Каб барана свайго забраў дамоў

І сябра з жонкай вызваліў з палону.

 

— Такі быў жах, нібы кульнуўся свет! —

Сказаў Васіль.— Ён доўга будзе сніцца...

Лявон смяецца: — Ты заходзь сусед,

Калі яшчэ захочаш парадніцца.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.