epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыгажуня і пачвара

З іх шлюбу

Дзівіліся вёскі наўкола

Алена была

Брыдкаватая знешне.

Затое —

На зайздрасць астатнім Мікола,

Такі ўжо прыгожы,

А ўнутраны грэшны.

 

І ўсё ж адгуло,

Так ці гэтак вяселле,

І «горка» было,

Пэўна, ноччу салодка.

Ды колькі ні пі,

А надыдзе пахмелле —

І ладзяць жыццё

Малады і малодка.

 

Алена руплівая —

Зранку да ночы,

Ласкавая,

Нібы малое цялятка.

Лагодзіць Міколу

Угодліва ў вочы,

Сям’і прысвячае сябе

Без астатку.

 

Да сонца устаць,

Позна легчы ёй рупіць,

На працу і з працы —

Дадому нязменна.

Дзе трэба,

Дзе й не,

А свякрусе саступіць

І мамай яе называе

Алена.

 

Міколу сям’я хвалявала,

Ды мала.

Быў ёй процілегласцю —

Увачавідкі,

Яна — прыгажосцю

Унутранай ззяла,

А ён, прыгажун,

Выглядаў побач

Брыдка.

 

Ды й слова на вочы

Ёй крыўднае кіне,

Бывалі абразы,

Нярэдка — папрокі.

А сам —

Нібы той манекен

На вітрыне,

Ад люстра ні кроку,

Стаіць рукі ў бокі.

 

Каб ёй паказаць,

Хто галоўны, ён гыркаў,

Яна — ўся ў сямейным парадку

І працы.

Няпростая справа —

Двух лёсаў прыцірка,

Тым больш, калі знешне

Ім цяжка раўняцца.

 

Калі адсалодзіўся

Месяц мядовы,

Бацькі да Міколы

Падселі без злосці:

— Сынок,

Ты з Аленай сябе параўноўвай,

Далёка табе

Да яе прыгажосці...

 

Упэўнены —

Прыйдзе яна да парадку

Ў адносінах

Гэта сямейная пара.

А ў вёсках завуць іх цяпер

Ўціхамятку,

Без злосці, але —

Прыгажуня й пачвара.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.