epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыгожая жанчына

Стаіць перада мной

немаладая дама

Й не «дыназаўр» —

год сорак усяго.

Не твар — палітра,

розных фарбаў гама —

Навошта тынкавацца?

Для чаго?

 

Ад чырвані густой

блішчаць не губы — пысы,

І тушы чарната

аж сыпіцца з вачэй,

І сінь вакол вачэй —

і зніклі твару рысы,

Саскубленыя бровы

за нітачку танчэй.

 

Мы ехалі ў метро,

ў вагоне не крануцца —

Пакуль жывы,

рухавіць Божы люд.

Я, нават каб хацеў,

не мог бы адвярнуцца,

Куды мне вочы дзець —

глядзеў на гэты цуд.

 

Я разумеў — яна

аб маладосці марыць,

Да прыгажосці прагне

па-свойму «мал і стар».

Але ж яна сябе

не маладзіць, а старыць,

З-пад фарбаў выглядаў

усё ж прыгожы твар.

 

Дзівосны парадокс

вядомы ўсім адвеку,

Відаць, не ўсім,

бо не крануў яе:

Адзенне маладых

старому чалавеку

Падкрэслівае старасць

і ўзросту дадае.

 

З вагону выйшлі мы,

я далікатна, чынна,

Каб не абразіць,

ёй сказаў за-за плеч:

— Паверце мне, што вы —

прыгожая жанчына,

Але без фарбаў...

І падаўся прэч.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.