epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыемна чуць

Я адыйшоў ад мітусні трыбуннай

І ціха з невядомасцю жыву,

Затое вэрхал прадказальны тлумны,

Не гвалціць слых,

Не дурыць галаву.

 

Там кожны сам з сябе

Будуе вежу

І лезе ўверх, як пераможны сцяг,

А я у вёсачцы сабе належу,

Ўсё неба, ўся зямля ў маіх вачах.

 

Ёсць там і творцы,

Ёсць у творчасць гулі,

Як і ў крыніцу заплывае муць.

У вёсцы ёсць і пеўні, і зязюлі,

Ды іх прыемна

Бачыць тут і чуць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.