epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыемныя кантрасты

Дождж забаўляўся клавішамі шыб,

Дасужы вецер падпяваў са свістам.

Завісла хмара, як разлезлы грыб,

Над лесам пашарэлым і плячыстым.

 

У наваколля выгляд — слёзны сум,

Яно слаце працівіцца адчайна.

А ў небе, перасільваючы тлум,

Птушыны клін, заплакаў развітальна.

 

Асіплы вецер з кроплямі дажджу,

У вокны б’ецца, просіцца у сенцы.

А я ў цяпле і ўтульнасці сяджу,

Гараць у грубцы весела паленцы.

 

Патрэскваюць, гудуць на ўсе лады,

І ліжа іх агеньчык языкасты.

За вокнамі — макрэча, халады,

А ў хаце — рай. Прыемныя кантрасты.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.