epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыліў-адліў

Далёка я

Ад мора-акіяна,

А што ж штарміць так

лёс неспадзявана?

Прыліў трагедый,

хвалі бед нязваных,

Адліў гадоў,

мне Богам дараваных.

 

Прыбой душэўных ран

ледзь з ног не валіць,

Вунь непрыемнасці шукаюць,

дзе б прычаліць.

Адліў надзей —

далей, далей а сушы,

І чайкі ў небе,

як памерлых душы,

 

Пранізліва крычаць,

як страт хвіліны,

І раняць сэрца,

быццам успаміны

Прыліў-адліў

Я ў цэнтры сутыкненняў.

І з кожным днём

жыцця ўсё меней, меней.

 

І ўсё страшней

прыліўныя накаты,

І з кожным годам —

кожны вал — дзявяты.

А вось адлівы

дні й гады гартаюць

Няўмольны час,

няўмольна сілы таюць.

 

Зноў новы вал

пагрозліва грукоціць

І на мяне няўхільна

коціць, коціць.

Я на мяжы стыхій

пражыў нямала,

І колькі помню —

штылю не бывала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.