epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прымакова скарга

Век жыве прымак і плача,

Свой прымачы лёс кляне.

Вось і сёння ён тлумачыць

Пра бяду-гаркоту мне.

 

— Вам, сусед, не здагадацца,

Дзе вытокі мацюкоў...

Стала жонка заглядацца

На пузатых мужыкоў.

 

Любіць тлустых, аж трасецца,

А такіх, як я — кляне.

Там, дзе тонка, там і рвецца —

Жонка кінула мяне.

 

Працаваў я, жыў «у мыле»,

Торбы не скідаў з плячэй.

А цяпер — увесь у сіле:

Баба з воза — дык кабыле

Значна робіцца лягчэй...

 

— Дык чаму ж не сохнуць слёзы?

А прымак:

— Каханне — яд!

Баба злезці злезла з воза,

Але просіцца назад.

 

Я цікаўлюся: — А тлусты?

Чым жа ёй не дагадзіў?

— Гэта бочка з-пад капусты?

Ён яе за нос вадзіў!

 

— Ты мяне кармі,— ёй кажа,

Так, як кормяць на убой,

А як ноч навокал ляжа,

Разлічуся я з табой...

 

Тая аж змарнела ў целе,

Ён жа — як у масле сыр,

Нажарэцца, а ў пасцелі

Усю ноч храпе, як кныр.

 

Гора з бабскаю пародай —

Прызнае сваю віну

Кажа: — З тоўстым, як з калодай,

Ні «забаў» табе, ні сну.

 

...Час прайшоў — і мне не спіцца,

Уваччу прымак стаіць...

А ці варта мне жаніцца?

Бабскі ж густ — як бліскавіца,

Бабе ж — век не дагадзіць!


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.