epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыпевак пераклічка

Суботні вечар,

Як жыцця разынка —

Была заўсёды

Ў вёсках вечарынка.

Ліліся з вокнаў спевы,

Як вадзічка,

Альбо прыпевак-жартаў

Пераклічка.

 

хлопцы

 

Дзяўчатачкі,

Сыраежачкі,

Засалілі б мы вас,

Ды няма дзежачкі.

 

дзяўчаты

 

Ой, хлопцы вы,

Усе фарсістыя,

Затое мы

Ўсе галасістыя.

 

хлопцы

 

Спяваць вы ўсе

Спраўна ўмееце.

А што ж вы так

За намі млееце?

 

дзяўчаты

 

У будучым

Мы вашы жоначкі,

Без нас вы, як

Без самагоначкі.

 

хлопцы

 

Прыміце ўсё ж

Прызнанне шчырае —

Без вас было б

Жыццё нямілае.

 

дзяўчаты

 

Ні танчылі б,

Ні пелі б мы,

І мы без вас

Не расквітнелі бы...

 

Я гэта чуў не раз,

Бо быў музыкам,

І спевамі была душа сагрэта.

Такое не пачуці

І ў Вялікім

Тэатры нашым

Оперы й балета.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.