epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прыплюсуйце

На якім рубяжы

Я памёр? Не гадайце!

На магільным крыжы

Пра мяне прачытайце.

 

Нарадзіўся — тады,

Раз і — лапці адкінуў...

Вось і ўсе вам гады —

Жыў — памёр. Ці загінуў.

 

Але й гэта — хлусня!

Дзе той час, першы самы?!

Дзевяць месяцаў я

Жыў у чэраве мамы.

 

Жыў сусветам сваім,

Бо зародак, як завязь,—

Зараджаецца ў ім

І любоў, і нянавісць.

 

Зараджаецца злосць,

Дабрыні свет нябачны...

Можа, гэта і ёсць

Час жыцця — самы значны?

 

Вось — і вынік прамы:

У віры дзён-паводак

Карыстаемся мы

Тым, што ўцяміў зародак.

 

І таму — у труне

Сон-спакой не сапсуйце:

Дзевяць месяцаў мне

Да жыцця прыплюсуйце.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.