epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прытулак

Адзіны прытулак,

Жывуць дзе са мною сумесна,

Птушыныя спевы,

Адвечная песня лясоў,

Дзе погляду вольна,

Дзе сэрцу ніколі не цесна —

Зямля маіх продкаў

Мяне разумее без слоў.

 

На гэтым куточку зямлі,

Ад народзінаў родным,

Пачуў калыханку матулі

Малы ўпершыню.

Я тут адчуваю сябе

Неабходным і годным

Радзіме, адкрыўшай душы маёй

Мар вышыню.

 

Мы вынік падводзім аднойчы —

Хто позна, хто рана,

Адказна зірнуўшы

На пройдзены шлях з-пад рукі.

Апошні прытулак,

З табою нам наканавана

З’яднацца ў адно неразлучна —

І ўжо на вякі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.