epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прытулак для душы жывой

Нарэшце — за спіной дарога,

Не чую ні плячэй, ні ног.

Быццам не я — мая знямога

Зрабіла крок цераз парог.

 

Хінуў я стомленае цела

Бліжэй да грубкі, да агню.

Трывожна шыбіна трымцела,

Палохаючы цішыню.

 

Даўней мяне сустрэла б маці:

— Сядай, сынок! Паеш, сынок!..

А сёння я адзін у хаце

Ды Маці Боскай абразок.

 

Надзея не губляе веры,

І я, у кут дапяўшы свой,

Не зачыніў на клямку дзверы,—

Прытулак для душы жывой.

 

Мо ён камусьці дапаможа

Не ўпасці, сілы аднавіць...

Ноч, безгалоўе, бездарожжа,

Нервова шыбіна трымціць.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.