epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Прытулак гарадскі

Як гляну я ў акно —

Сціскае грудзі:

Вакол усё адно —

Машыны, людзі.

 

Зімой і гразь, і соль,

I чад над гэтым.

Ды не сціхае боль

У сэрцы й летам.

 

Прытулак гарадскі —

Мая няволя...

А недзе каласкі

Люляе поле.

 

Там лес прыціх ад дум,

Спакой глыбокі.

Там жураўліны сум

Нясуць аблокі.

 

Карпілаўка — мой лёс,

Жыцця крыніца.

I летам, і ў мароз

Хвалюе, сніцца.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.