epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пухам зямелька

Сакалоў, Шапавалаў, Невядомы салдат...

У Янýшкавічах іх магіла.

З сорак першага году, ля дарогі, між хат,

Беларусі зямля прытуліла.

 

Вось і звесткі усе. Хто яны і адкуль?

Жорсткі бой іх загінуць прымусіў.

Тут яны ад варожых бязлітасных куль

Ратавалі зямлю Беларусі.

 

Ах, як доўга матулі чакалі сыноў,

Хоць бы звестачку, дзе пахаваны.

Тут, на нашай зямлі пралілася іх кроў,

Тут сустрэлі смяротныя раны.

 

Тут, матулі, ляжаць вашых сэрцаў сыны,

Тут яны... але й вы ўжо ў магілах.

Пухам будзь вам зямелька, героі вайны,

Памяць сэрцаў удзячных і шчырых.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.