epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Пупышка

Чаму хвалюеш ты, пупышка,

На тоненькай галiнцы,

Як непрачытаная кнiжка,

Як сонейка ў iльдзiнцы?

 

О свет пупышкi, дзiва поўны,

Прыдуманы прыродай!

Прачнецца гэты свет чароўны

Лiсточкам, кветкай, плодам.

 

О свет маленькi, таямнiчы —

Загадка, кропля-казка!

Вясеннi ранак маляўнiчы

Пад гэтай сцiплай маскай!

 

Не хвалявацца немагчыма

Ля кропелькi прыроды.

Ты, як цяжарная жанчына,

Што беражэ зародак.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.